2017-07-22 15:11:00

Новы прэфект: Касцёл марнее, калі закрываецца сам у сабе


“Я прабываю ў глыбокай і натуральнай гармоніі з папам Францішкам. З нашых размоў вынікае агульнасць перакананняў”, – прызнаўся новапрызначаны прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, іспанскі арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, падчас свайго нядаўняга візіту ў Аргентыну. Іерарх даў інтэр’ю мясцоваму часопісу “Vida Nueva”, у якім падзяліўся думкамі аб новай пасадзе і сваім разуменнем сутнасці каталіцкага веравучэння.

Нагодай для паездкі арцыбіскупа Ладарыі на радзіму папы Францішка стаў удзел ў Міжнародным сімпозіуме катэхетаў Буэнас-Айрэса і Лацінскай Амерыкі, які праходзіў на тэалагічным факульцеце Аргентынскага каталіцкага ўніверсітэта з 11 па 14 ліпеня 2017 г. Падчас свайго выступлення на форуме іерарх, між іншым, адзначыў важную ролю вобразаў і выяў для перадачы веры. Пазней, у ходзе размовы з журналістамі, ён паясніў, што “вера прыходзіць праз вочы”. “У эпоху Сярэднявечча, у перыяд велічных сабораў, людзі не ўмелі чытаць – вера перадавалася праз вітражы, фрэскі, карціны”, – нагадаў ватыканскі іерарх. Сёння ж, у час інфармацыйнага перанасычэння, здольнасць перадаваць праўды веры патрабуе, перш за ўсё, крэатыўнасці, не толькі тэолагаў, але і катэхэтаў, душпастыраў, упэўнены прадстаўнік Святога Пасаду.

Новы прэфект выказаў перакананне, што Касцёл марнее, калі закрываецца сам у сабе, бо ў такім выпадку губляе самае сутнаснае – евангелізацыю. Акрамя таго, яго галоўным прынцыпам павінна заставацца ўсебаковае бачанне чалавека. “Не “любоў да Бога або любоў да бліжняга”, але “любоў да Бога і да бліжняга” – вось галоўны прынцып Касцёла. Гэтаму навучае Езус у Евангеллі”, – сказаў іерарх.

Згодна з рашэннем Святога Айца Францішка, арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр узначальвае Кангрэгацыю Веравучэння з 1 ліпеня 2017 г. На гэтай пасадзе ён змяніў нямецкага кардынала Герхарда Людвіга Мюлера, які кіраваў галоўнай ватыканскай кангрэгацый на працягу пяці папярэдніх гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.