2017-07-23 13:33:00

Святы Айцец стаў ганаровым грамадзянінам Медэльіна


За некалькі тыдняў да свайго візіту ў Калумбію папа Францішак стаў ганаровым грамадзянінам Медэльіна. Па дадзеных мясцовых СМІ, такое рашэнне ўлады гэтага мільённага горада прынялі 20 ліпеня, у нацыянальнае свята краіны. За прапанову прагаласавала 17 членаў гарадскога савета, чатыры не галасавалі. Ініцыятыва мэра Фэдэрыка Гутьерэса з’яўляецца выразам удзячнасці за працу Папы ў абароне правоў чалавека, справядлівасці і роўнасці.

Восенню папа Францішак здзейсніць Апостальскі візіт у Калумбію па запрашэнні Прэзідэнта і епіскапату гэтай паўднёваамерыканскай краіны. Апрача Медэльіна, Пантыфік наведае Багату, Вілавісэнсіа і Картахену.

Адной з галоўных тэм паездкі стане мірны працэс пасля паспяховых перамоваў паміж партызанскай групоўкай “ФАРК” і ўрадам Калумбіі. Унёсак Святога Айца ва ўстанаўленне міру ў Калумбіі агульнапрызнаны. Францішак ініцыяваў сустрэчу ў Ватыкане Прэзідэнта Калумбіі Сантаса з яго галоўным праціўнікам, былым лідэрам краіны Альвара Урыбэ Велесам. Пасля перамоў 16 снежня 2016 г. варожыя бакі, нарэшце, распачалі працэс раззбраення. 

Грамадзянская вайна ў гэтай краіне распачалася ў 1964 г. і доўжылася больш за 50 гадоў. За гэты час загінулі 220 тыс. чалавек, 45 тыс. зніклі без вестак, 7 млн жыхароў апынуліся ў эвакуацыі, каля тысячы дзяцей былі завербаваныя ў салдаты. 

Францішак наведае Калумбію 6-11 верасня 2017 г. Гэта будзе яго пятая паездка ў Лацінскую Амерыку. Ён стане трэцім Пантыфікам, які прыбудзе ў гэтую краіну – 22-25 жніўня 1968 г. тут быў Павел VI, а 1-7 ліпеня 1986 г. – св. Ян Павел ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.