2017-07-23 15:07:00

Папа: дабра і зла не можна атаясамліваць з пэўнай тэрыторыяй


Бачыць у сённяшняй рэальнасці не толькі бруд і зло, але і дабро і прыгажосць; выкрываць працу сатаны, але і, перш за ўсё, мець давер да дзейнасці Бога, заклікаў папа Францішак 23 ліпеня 2017 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Пантыфік лічыць, што пастаянная барацьба са злом, якое існуе па-за намі, можа быць непрыняццем граху, які знаходзіцца ў нас. 

“Сённяшняе Евангелле прапануе тры прыпавесці, з дапамогай якіх Езус казаў натоўпу аб Валадарстве Божым. - патлумачыў Папа - Я спынюся на першай: пра добрае зерне і пустазелле, якая ілюструе праблему зла ў свеце і цярплівасць Бога (Мц 13, 24-30.36-43). Колькі ж цярплівасці ў Бога. Кожны з нас можа сказаць: “Колькі Бог мае цярплівасці да мяне!”. Гісторыя адбываецца на пэўным полі, а яе героямі з’яўляюцца дзве супрацьлеглыя постаці. З аднаго боку, гаспадар, які ўяўляе сабой Бога, што сее добрае насенне; з другога боку вораг, уяўляючы сатану і сеючы каласоўнік.

З часам сярод пшаніцы вырастае пустазелле. Адпаведна, гаспадар і яго слугі прымаюць розныя пазіцыі. Слугі хочуць дзейнічаць, вырываючы пустазелле; а гаспадар, які клапоціцца у першую чаргу аб захаванні пшаніцы, пярэчыць, кажучы: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы” (Мц 13, 29). Праз гэты вобраз Езус кажа нам, што ў гэтым свеце, дабро і зло настолькі цесна пераплецены, што немагчыма аддзяліць іх і выкараніць усё зло. Толькі Бог можа гэта зрабіць, і рэалізуе ў Апошнім Судзе. Разам з гэтай невыразнасцю і складаным характарам, цяперашняя сітуацыя з’яўляецца полем свабоды хрысціян, на якім рэалізуецца цяжкая задача адрознівання паміж дабром і злом.

На гэтым полі гаворка ідзе пра аб’яднанне з вялікім даверам у Богу і Яго Провідзе двух, здавалася б, супярэчлівых стаўленняў: цвёрдасці і цярплівасці. Цвёрдасць – гэта жаданне быць добрай пшаніцай, пры ўсёй уласцівай ёй сіле – што значыць, аддаляючыся ад зла і яго спакус. Цярплівасць азначае прэзентаванне Касцёла, які з’яўляецца закваскай у цесце, які не баіцца забрудзіць рукі, адмываючы ад бруду сваіх дзяцей, а не Касцёла “чыстых”, які імкнецца заўчасна асудзіць, хто знаходзіцца ў Божым Валадарстве, а хто не.

Пан, Які з’яўляецца уцелаўлёнай Мудрасцю, дапамагае нам сёння зразумець, што дабра і зла не можна атаясамліваць з пэўнай тэрыторыяй або пэўнымі групамі людзей – гэтыя добрыя, а гэтыя благія. Ён кажа нам, што грань паміж дабром і злом праходзіць у сэрцы кожнага чалавека, праходзіць у сэрцы кожнага з нас. Мы ўсе грэшнікі. Я хачу спытаць: “Хто не грэшны, падніміце руку”. Ніхто! Таму што ўсе мы грэшныя. Езус Хрыстус, праз сваю смерць на крыжы і ўваскрасенне вызваліў нас з няволі граху і дае нам ласку, ісці ў новым жыцці. Але з хростам Ён даў нам сакрамэнт паяднання, таму што заўсёды патрабуем прабачэння нашых грахоў. Барацьба заўсёды і выключна са злом, якое знаходзіцца па-за намі, азначае, што мы не прызнаем грэх, які ёсць таксама ў нас.

Акрамя таго, Езус вучыць нас яшчэ аднаму спосабу клопату пра поле свету – глядзець на рэальнасць. Мы пакліканы вучыцца Божым часам, якія не з’яўляюцца нашымі часамі, а таксама Божаму “погляду”: дзякуючы добратворнаму ўплыву нецярплівага чакання, тое, што было пустазеллем або такім здавалася, можа стаць добрай справай. Гэта рэчаіснасць навяртання. Гэта перспектыва надзеі!

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам убачыць у рэчаіснасці, якая акружае нас, не толькі бруд і зло, але і дабро і прыгажосць; выкрываць працу сатаны, але, перш за ўсё, даверыцца дзейнасці Бога, Які апладняе справы”, - сказаў Папа.

Францішак прывітаў усіх вернікаў з Рыма і пілігрымаў з усяго свету: сем’і, парафіяльныя групы, асацыяцыі. Асаблівую увагу ён звярнуў на маладых удзельнікаў семінара “Hombre Mundo”, якія евангелізавалі ў самых бедных прыгарадах на розных кантынентах. Папа пажадаў усім добрай нядзелі і папрасіў не забывацца маліцца за яго. “Смачнага абеду і да пабачэння!”, - завяршыў сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.