2017-07-24 14:26:00

Ватыканская газета пра стаўленне духавенства да рэформаў


Сур’ёзнай перашкодай на шляху навяртання Касцёла, да чаго імкнецца Францішак, з’яўляецца “ў нейкай ступені стаўленне значнай часткі духавенства, як зверху, так і знізу”, напісаў на старонках “L’Osservatore Romano” былы выкладчык біблістыкі з Фларэнцыі, кс. Джуліа Чырыньяна. Тэкст, змешчаны ў ватыканскай газеце, з’яўляецца часткай яго апошняй кнігі, азагалоўленай “Прыгажосць евангельскай радасці. У цэнтры хрысціянскага жыцця”.

Гэта стаўленне, дадае аўтар, часам ператвараецца ў знеахвоту. “Як вучні ў Аліўным Садзе, Яго вучні працягваюць спаць”, - адзначыў святар, паводле якога, гэту з’яву варта старанна прааналізаваць, шукаючы прычыну і метадалогію. “Духавенства вядзе за сабой супольнасць, якая патрабуе суправаджэння ў гэты надзвычайны момант”, хоць “большая частка вернікаў, не гледзячы ні на што, зразумела спрыяльны момант, кайрос, якім Пан адарыў сваю супольнасць”, - лічыць аўтар. “Большасць вернікаў радуецца. Тым не менш, частка, якая знаходзіцца бліжэй да малаасвечаных пастыраў, трымаецца старых гарызонтаў, гарызонтаў практык, якія дыктуюцца звычкай, старамоднай мовай, другасным безжыццёвым мысленнем”, - так апісваецца сітуацыя на старонках афіцыйнага ватыканскага выдання. 

На пытанне аб тым, адкуль гэта бярэцца, аўтар адпавядае, што ў першую чаргу прычынай з’яўляецца “сціплы культурны ўзровень” духавенства, “як зверху, так і знізу”. Не трэба абагульняць, прызнае кс. Чырыньяна, ёсць выключэнні. “Тэалагічная культура многіх святароў, аднак, знаходзіцца на нізкім узроўні, тое ж і з біблійнай падрыхтоўкай. Лёгка вызначыць прычыну такога сумнага стану спраў: калі курс навучання на універсітэцкім ўзроўні не прышчапляе студэнту мыслення, паглыблення даследаванняў, нават мінімальнай крытычнасці, гэта азначае, што ён не выконвае сваёй задачы. Сістэма, якая пераважае ў большасці семінарыяў не спрыяе фармаванню мыслення і прыхільнасці”, - дзеліцца дыскусійнымі думкамі італьянскага святара ватыканская “L’Osservatore Romano”.








All the contents on this site are copyrighted ©.