2017-07-24 15:24:00

Моладзь будзе актыўнай групай на Сінодзе Біскупаў


Сінод Біскупаў, які пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. на тэму моладзі, будзе не толькі пляцоўкай для дыялогу паміж біскупамі, але і месцам, дзе апынуцца самі маладыя людзі, каб стаць актыўнай часткай асамблеі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра католікаў або хрысціян, але і пра няверуючых. Гэта падкрэсліў генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Ларэнца Балдзісэры, у інтэрв’ю аўстрыйскаму “Vorarlberger KirchenBlatt”.

Цэнтральнае месца ў падрыхтоўцы Сінода, нагадаў іерарх, займаў інтэрактыўны апытальнік для моладзі, які стаў магчымасцю зваротнай сувязі і сведчаннем, што маладыя людзі не павінны застацца перад дзвярыма асамблеі. Біскупы не могуць гаварыць пра моладзь без самой моладзі, пракаментаваў ён. На Сінодзе маладыя людзі будуць мець магчымасць выступіць перад усім сходам, а таксама прыняць удзел у працах малых дыскусійных груп.

Для таго, каб Сінод “размаўляў” на мове моладзі, быў створаны адмысловы сайт. “Мы пастаянна імкнемся знайсці агульную мову з маладымі людзьмі, знайсці мову, якая з’яўляецца прымальнай для ўсіх і можа быць зразумета ўсімі”, - падкрэсліў кардынал Балдзісэры. Ён дадаў, што такім прынцыпам кіруецца папа Францішак і асягае ў гэтым поспех, паколькі яго мова, з аднаго боку знаходзіцца “на вельмі высокім узроўні”, з другога, не з’яўляецца “занадта інтэлектуальна абстрактнай”.

Аб сваім рашэнні правесці ў кастрычніку 2018 г. Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, Францішак заявіў 6 кастрычніка 2016 г. Ён заклікаў маладых людзей прыняць актыўны ўдзел у “сінадальным падарожжы”, бо ўвесь Касцёл жадае пачуць і адчуць іх голас і веру, а таксама іх сумневы і крытычныя заўвагі.








All the contents on this site are copyrighted ©.