2017-07-25 13:49:00

Памятны медаль да пятай гадавіны пантыфікату Францішка


З 28 ліпеня 2017 г. у Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і ў Ватыканскім выдавецтве можна будзе набыць памятны медаль, выпушчаны з нагоды пятай гадавіны пантыфікату папы Францішка.

Аўтарам дызайну медаля з’яўляецца італьянская мастачка Марыанджэла Крышоці. Яна ж распрацоўвала медалі да першай гадавіны Пантыфікату Францішка і да Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Медаль выраблены з сплаву золата, срэбра і бронзы. На аверсе змешчаны герб папы Францішка, вакол яго – надпіс “FRANCISCUS P.P. ANNO V MMXVII”.

На рэверсе – выява чалавека, што сядзіць на зямлі і працягвае руку да людзей, якія ўцякаюць са сваёй радзімы ў пошуку лепшай будучыні. Гэтая асоба ўвасабляе Езуса Хрыста і з’яўляецца сімвалам прыняцця, нібы нагадвае словы з Евангелля “тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Па краю вычаканена фраза з Евангелля паводле св. апостала Мацвея па-лацінску: hospes eram et collegistis me (“быў падарожным, і вы прынялі Мяне”; Мц 25,35).

На канце змешчаны надпіс “E CIVITATE VATICANA” і нумар медаля.

Кожны экземпляр суправаджаецца гарантыйным сертыфікатам, з нумарам і ціснёнай пячаткай Дзяржсакратарыяту Апостальскай Сталіцы і Дзяржаўнага паліграфічнага інстытута і манетнага двара Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.