2017-07-25 13:34:00

Пантыфік выказаў блізкасць бацькам Чарлі Гарда


“Папа Францішак моліцца за Чарлі і яго бацькоў і адчувае асаблівую блізкасць да іх ў гэты момант глыбокага смутку”, - адзначыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк 24 ліпеня 2017 г., пасля звесткі пра рашэнне Крыса і Коні Гард адклікаць запыт аб пераводзе іх 11-месячнага сына ў ЗША для эксперыментальнага лячэння. “Святы Айцец просіць з’яднацца ў малітве, каб яны змаглі адчуць суцяшэнне і любоў Бога”, - гаворыцца ў паведамленні.

“Мы збіраемся зрабіць адну з найскладанейшых рэчаў з тых, якія калі-небудзь даводзілася рабіць, і адпусціць нашага малыша Чарлі, - сказаў Крыс Гард перад будынкам Вышэйшага суда ў Лондане. - Чарлі не заставіў абыякавымі столькі людзей і паўплываў на іх за свае адзінаццаць месяцаў настолькі, наколькі людзі не могуць за цэлае жыццё”. Бацькі цяжка хворага хлопчыка прызналіся, што будуць заўсёды любіць свайго сына і правядуць апошнія дні яго жыцця побач з ім.

Чарлі Гард нарадзіўся ў Вялікабрытаніі з вельмі рэдкай і цяжкай формай мітахандрыяльнага захворвання, якое вядзе да паступовай мускульнай атрафіі і разбурэння галаўнога мозга. Гісторыя змагання за яго жыццё выклікала вельмі шырокі рэзананс.

У краінах Еўропы была запушчана кампанія “Не забівайце Чарлі” (“Don’t kill Charlie”), а таксама малітоўныя чуванні ў інтэнцыі хворага хлопчыка і яго бацькоў. Акцыі ў падтрымку сям’і Гард праводзіліся ў сацыяльных сетках. Быў арганізаваны дабрачынны збор сродкаў на лячэнне Чарлі. Да справы актыўна далучыўся Святы Пасад. Не раз аб сваёй духоўнай блізкасці бацькоў хлопчыка запэўніваў папа Францішак. Дзякуючы яго ўмяшальніцтву, магчымыя шляхі аказання канкрэтнай медыцынскай дапамогі пачала разглядаць ватыканская дзіцячая клініка “Bambino Gesù”. Нарэшце, справай зацікавіліся палітыкі, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. У выніку на мінулым тыдні амерыканскі Кангрэс выдаў дазвол на “пастаяннае пражыванне” Чарлі Гарда і яго бацькоў у Злучаных Штатах.

Тым не менш, Крыс і Коні Гард вырашылі спыніць барацьбу пасля некалькіх месяцаў супрацьстаяння вышэйшым судовым інстанцыям Вялікабрытаніі і Еўропы. За гэты час працэс мускульнай атрафіі маленькага Чарлі зайшоў вельмі далёка, прызналі яго бацькі і выказалі перакананне, што хлопчык мог бы жыць нармальным жыццём, калі б адразу атрымаў неабходнае лячэнне.

З усяго свету бацькі Чарлі атрымліваюць словы падтрымкі і запэўненні ў малітвах. Сваю блізкасць выказала Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса. У той жа час брытанскі суд пацвердзіў вердыкт, вынесены яшчэ ў красавіку 2017 г.: “памерці – у інтарэсах самога Чарлі”, і запэўніў у карэктнасці пазіцыі, якую заняў шпіталь Грэйт-Армонд-стрыт у Лондане, адмовіўшы ў лячэнні хлопчыка.

Бацькі Чарлі Гарда паведамілі аб сваім рашэнні заснаваць Фонд дапамогі асобам, якія нарадзіліся з той ці іншай формай мітахандрыяльнага захворвання, каб гарантаваць ім своечасовае лячэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.