2017-07-26 13:33:00

Святы Пасад у ААН: надаць Іерусаліму асаблівы статус


Прадстаўнік Святога Пасаду выступіў у ААН з пазіцыяй па Блізкім Усходзе. У першую чаргу, гаворка ішла пра сітуацыю вакол Ізраіля і Палестыны. Кс. Сайман Касас, часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый нагадаў, што палестынскае пытанне абмяркоўваецца ў адкрытай дыскусіі ў Савеце Бяпекі некалькі разоў на год. Гэта рэгулярнасць спрыяе таму, што многія заявы на тэму гучаць ужо як “сапсутая пласцінка”. І гэта не зменіцца, пакуль не будзе знойдзена жыццяздольнае рашэнне палестынскага пытання.

Прычым, Святы Пасад пацвярджае сваю цвёрдую падтрымку існавання дзвюх суб’ектаў, Дзяржавы Ізраіль і Палестынскай дзяржавы, які будуць жыць бок аб бок у міры ў рамках міжнародна прызнаных межаў. Не існуе ніякай альтэрнатывы ўрэгуляванню шляхам прамых перамоваў паміж ізраільцянамі і палестынцамі, з цвёрдай і бесстаронняй падтрымкай міжнароднай супольнасці. Абодва бакі павінны дамовіцца аб істотных кроках па зніжэнні напружанасці і дэ-эскалацыі насілля на месцах.

Канцэпцыя дзвюх дзяржаў патрабуе таксама, каб усе палестынскія фракцыі дэманстравалі адзіную палітычную волю і супрацоўніцтва. Гэта мае ключавое значэнне для мірнага ўрэгулявання і эканамічнага росквіту, сацыяльнай згуртаванасці і палітычнай стабільнасці Палестынскай дзяржавы.

Ватыканскі дыпламат заклікаў не забывацца, што Іерусалім – гэта святы горад для юдэяў, хрысціян і мусульман. Таму патрэбна захаванне гістарычнага статус-кво святых месцаў. Ёсць неабходнасць усёабдымнага, справядлівага і трывалага вырашэння пытання Іерусаліму і надання яму асаблівага міжнароднага статусу, што дазволіць забяспечыць свабоду веравызнання і сумлення для ўсіх яго жыхароў і бяспечны, свабодны і бесперашкодны доступ да святых месцаў вернікам усіх рэлігій і нацыянальнасцяў.

Святар нагадаў, што некалькі дзён таму папа Францішак выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй у Святым горадзе і заклікаў усе бакі да стрыманасці і дыялогу .

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў глыбокі смутак па прычыне таго, што адбываецца на Блізкім Усходзе: дзе ў вынку войнаў і канфліктаў гіне цывільнае насельніцтва, у прыватнасці, у Сірыі, Емене і ў паўночным рэгіёне Ірака. Драматычная гуманітарная сітуацыя ў рэгіёне патрабуе новых абавязацельстваў з боку ўсіх і кожнага, з мэтай палітычнага вырашэння канфліктаў.

Папа Францішак глыбока шануе нястомныя намаганні тых, хто працуе па пошуку палітычнага рашэння канфлікту ў Сірыі і заклікае зацікаўленыя бакі працаваць над палітычным працэсам, які вядзе да мірнага і інклюзіўнага пераходу, заснаванага на прынцыпах Жэнеўскага камюніке ад 30 чэрвеня 2012 г.

Хрысціянскія супольнасці існавалі на працягу больш чым двух тысяч гадоў у гэтым рэгіёне і мірна жылі з іншымі групамі. Святы Пасад заклікаў міжнародную супольнасць праз Савет Бяспекі не забывацца пра іх і нагадаў, што вяршэнства права, уключаючы павагу да свабоды веравызнання і роўнасць перад законам, з’яўляецца асноватворным у напрамку дасягнення і падтрымання мірнага і плённага суіснавання сярод асоб, супольнасцяў і народаў ва ўсім рэгіёне і за яго межамі.

Спыненне палітыкі, заснаванай на сіле зброі і мірнае ўрэгуляванне канфліктаў у рэгіёне неадкладна адновіць веру людзей у палітычныя працэсы і ўзгодненыя рашэнні, а палітыка зноў будзе разглядацца як мастацтва добрага кіравання для агульнага дабра ўсіх, а не як інструмент дамінавання адных палітычных ці рэлігійных інтарэсаў над іншымі, заявіў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.