2017-07-26 14:16:00

“Папская гвардыя” падчас візіту Францішка ў Перу


Больш за 20 тыс. маладых людзей возьмуць удзел у якасці валанцёраў у мерапрыемствах, звязаных з візітам Францішка ў Перу. Як паведаміў дырэктар аргкамітэта кс. Луіс Гаспар, задачай адмысловай “папскай гвардыі” павінна стаць дапамога пілігрымам і матэрыяльна-тэхнічныя пытанні на асноўных сустрэчах Пантыфіка з вернікамі ў Ліме, Трухільё і Пуэрта Мальданада.

Добраахвотнікі павінны прадстаўляць усе куткі краіны і розныя сацыяльныя групы. Запіс распачнецца ў наступным месяцы з запускам спецыяльнага інфармацыйнага сайта, прысвечанага папскаму візіту.

Кс. Гаспар адзначыў, што хоць на сустрэчах з Францішкам чакаецца 5 мільёнаў вернікаў, не можна разглядаць гэтага як нейкай поп-культурнай падзеі. “Святы Айцец не прыязджае, як артыст, - сказаў арганізатар папскага візіту ў Перу. - ён не прыбывае, каб зрабіць шоў або паўдзельнічаць у спектаклі, зрабіць цыркавое прадстаўленне. Ён прыедзе як айцец, каб наведаць сваіх дзяцей”, - сказаў перуанскі святар.

Апостальскае падарожжа ў Перу папа Францішак здзейсніць 18-21 студзе 2018 г. Нядаўна, 15 мая 2017 г., ён сустракаўся з мясцовым епіскапатам ў рамках візіту “ad limina Apostolorum”. У Перу Папа прыедзе адразу пасля завяршэння пілігрымкі ў Чылі.

Гэта будзе ўжо шостае падарожжа Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго пантыфікату: у ліпені 2013 г. ён наведваў Бразілію, у ліпені 2015 г. – Эквадор, Балівію і Парагвай, у верасні 2015 г. спыняўся на Кубе, падчас свайго падарожжа ў ЗША, а ў лютым 2016 г. наведваў Мексіку. Трэба нагадаць, што ў верасні 2017 г. адбудзецца пілігрымка Святога Айца ў Калумбію. 

Арцыбіскуп Лімы, кардынал Хуан Луіс Сіпрыяні, падчас адмысловай прэс-канферэнцыі заўважыў, што Францішак штодзённа атрымлівае запрашэнні наведаць тую ці іншую краіну, але прыбудзе менавіта ў Чылі і Перу. “Гаворка ідзе пра велізарную магчымасць для ўсёй перуанскай сям’і. Папа прынясе пасланне прымірэння і місійнага духа”, - сказаў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.