cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Беларусь: Касцёл і інтэлігенцыя – складаныя адносіны

Беларусь: Касцёл і інтэлігенцыя – складаныя ўзаемаадносіны - RV

29/07/2017 13:26

Беларуская інтэлігенцыя павінна браць больш актыўны ўдзел у жыцці свайго Касцёла. Такую думку ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё выказаў гісторык і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. 

Інтэлігенцыі, як з’яве ці пэўнай частцы грамадства, ва ўсе часы адводзілася значная роля ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку рэлігійнай. І менавіта з ёй склаліся асаблівыя адносіны, якія на працягу XX - пачатку XXI стагодзяў некалькі разоў трансфармаваліся. У часы атэістычнага рэжыму інтэлігенцыя, як нешта заўсёды апазіцыйнае, часта была прыхільнай да Касцёла. 

Інтэлігенцыю прыцягваў канфлікт рэлігіі і ўлады. Савецкая дзяржава афіцыйна была супраць, і інтэлігенцыя ў сваім вечным супрацьстаянні ўладам бачыла ў Касцёле саюзніка, ахвяру рэжыму. Потым ганенні спыніліся, Касцёл заняўся сваёй прамой справай – пропаведдзю і малітвай. І сапраўды наступіла расчараванне: шматлікія прадстаўнікі інтэлігенцыі, не падрыхтаваныя ў справах рэлігіі, не знайшлі хуткіх адказаў на свае пытанні ў Святым Пісанні і не знайшлі сіл шукаць іх далей, лічыць Сяргей Харэўскі. 

“Сёння мы назіраем трэці этап, калі для многіх гэта аказаліся непад’емныя абавязкі: прымаць удзел у жыцці канкрэтных абшчын. Як гавораць: я таксама католік, хутчэй – намінальны католік, ці грэка-католік паводле нейкіх культурных сімпатый. То бок для людзей цяжка не проста вызначыць сябе католікам, а рэальна мець дачыненне да канкрэтнай парафіі, мець свайго душпастыра, прымаць удзел у св. Імшы, прымаць рэальны чынны ўдзел у жыцці парафіяльным, няспынна чытаць Святое Пісанне, паглыбляць веды і сваё рэлігійнае пачуццё – для большасці гэта аказалася вельмі складана. Інтэлігенцыя сёння аказалася ў вельмі скаладанай сітуацыі: адбыўся гэты эмацыйны адкат і прызнацца ў сваім не толька бязвер’і, але і грэблівасці, зняважаць рэлігійныя пачуцці – гэта стала трэндам”, - пракаментаваў гісторык. 

У прыклад Сяргей Харэўскі прывёў дзейнасць знакамітага парыжскага часопіса “Шарлі Эбдо”, на старонках якога ў розныя часы з’яўляліся абразы не толькі ў адрас мусульман, але і хрысціян. І агрэсіўны антыклерыкалізм, які ў тым ліку падтрымліваюць журналісты, пісьменнікі, мастакі, – гэта з’ява сусветная. Багасловы заўважылі, што ў дачыненні да рэлігіі ў інтэлігенцыі існуе нейкі двайны стандарт. З аднаго боку, адмаўляецца яе сакаральная прырода, а з другога – гучаць абвінавачанні як раз у недахопе святасці. Ад іерархічнай структуры патрабуюць дэмакратыі, і разам з гэтым – крытыкуюць за яе праяўленні. Пры гэтам крытыкуюць ананімна: на форумах, у сацыяльных сетках. І гэта таксама сучасны выклік для Касцёла. Таму чалавек, які адкрыта вызначае сябе рэлігійным, сёння павінен быць гатовым да шквалу крытыкі, у тым ліку да абвінавачванняў у ангажаванасці. 

Яшчэ адзін балючы трэнд – сучасная мода інтэлігенцыі на маральны рэлятывізм – лічыць беларускі гісторык, можа прывесці ўвогуле да краху цывілізацыі, магчыма, незваротныя працэсы ўжо запушчаны: напрыклад, калі ўзгадаць лічбу самагубстваў, абортаў і алкагалізму. 

“Наш маральны рэлятывізм, наша мягкацелась, наша падманлівая прага папулярнасці –эфемерная і прывідная – яна лёгка дасягаецца тымі, хто ведае тэхналогіі, а многія з маіх калег валодаюць PR-тэхналогіямі, гэта не цяжка, а цяжка застацца самім сабой, трымацца нейкіх маральных прынцыпаў, а больш за тое – прытрымлівацца іх, калі гэтага патрабуе адказнасць перад народам. Вядома. Касцёл не вырашае ўсіх пытанняў, гэта не панацэя, але гэта добры інструментарый, таму што ў Касцёле, у любой іншай дэнамінацыі ты не самотны, мы у Касцёле, як на караблі ”,  – вызначыў метафару мастацтвазнаўца.       

А інструментарый гэты можа быць дзейным, толькі калі ёсць агульныя намаганні. У гэтым і багацце інтэлігенцыі: усе яны маюць розную адукацыю, розныя погляды, і дапаўняюць адзін аднаго і сваю парафію. Касцёл тады становіцца падмуркам. Сёння, прывёў прыклад Сяргей Харэўскі, некаторыя парафіі арганізуюць выстаўкі, пленэры, на якіх збіраюцца прадстаўнікі інтэлігенцыі, нават, якія вызначаюць сябе агностыкамі ці атэістамі. І менавіта такія сустрэчы дазваляюць бакам пазнаць адзін аднаго лепей, навучыцца паважаць адзін аднаго. Але ж падобныя ініцыятывы сёння носяць лакальны характар. 

“Парафіі і блізка не выкарыстоўваюць сваіх магчымасцяў з запрашэннямі творчых асоб, правядзеннем выстаў, адкрыццём маленькіх парафіяльных музеяў, асабліва ў тых мясцовасцях, дзе шмат турыстаў: у Ружанах, Нясвіжы, Наваградку. Трэба актыўней гэта выкарыстоўваць і актыўней ісці насустрач. З боку духавенства існуе неразуменне сучасных медыя, пісьменнікаў, мастакоў, яны туды не ўваходзяць за рэдкім выключэннем. Напрыклад, я хажу на вернісажы, прыходзіць масса мастакоў, я не бачу там духавенства, хаця дзверы ж адкрытыя ”, - падзяліўся Сяргей Харэўскі. 

Рух патрэбны з абодвух бакоў, прычым, інтэлігенцыя – даволі адкрытая на кантакты, запэўнівае яе яскравы прадстаўнік. Асабліва – моладзь, але тут паўстае іншая праблема: трэба працаваць у інтэрнеце і сацыяльных сетках. Акрамя таго, у шматлікіх краінах практыкуецца вузкае душпастрыства прадстаўнікоў інтэлегенцыі – па прыкладу духоўнага акармлення медыкаў, педагогаў. У сваю чаргу інтэлегенцыя гатова не толькі браць, але і аддаваць. 

“Інтэлігенцыя гатова шмат чым дапамагчы: і са стварэннем радыёперадач, і прэсе каталіцкай дапамагчы, і з перакладамі. Я магу прывесці прыклад сваёй роднай сястры. Яна прыйшла і папрасіла – дайце мне працу нейкую, патрэбную для парафіі, яна географ. Яна цяпер робіць перадачы пра Касцёл у розных краінах свету на “Радыё Марыя”. Многія маюць кфаліфікацыю прафесійных PR-менеджэраў, журналістаў, літаратараў, філолагаў. Гэты патэнцыял трэба акумуляваць”, - лічыць прадстаўнік інтэлігенцыі.   

За гады, якія прайшлі з часу рэлігійнага рэнесансу, Касцёл страціў частку інтэлігенцыі – па аб’ектыўных прычынах, а таксама і па прычыне адсутнасці працы ў гэтым напрамку, лічыць Сяргей Харэўскі. Таму сёння ў Беларусі патрэбна азірнуцца ў бок інтэлігенцыі і ў асобных парафіях, і, магчыма, стварыць так званы Клуб хрысціянскай інтэлігенцыі. І баяцца не трэба, няглядзячы на тое, што неад’емная рыса гэтай групы – вечнае сумненне. Таму што менавіта ў спрэчцы, з сабой ці іншымі, вядома, і нараджаецца ісціна.


29/07/2017 13:26