cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Грамадства \ Сям'я і моладзь

Папа запэўніў у малітве за памерлага Чарлі і яго бацькоў

Папа запэўніў у малітве за памерлага Чарлі і яго бацькоў - AFP

29/07/2017 12:30

У сваёй малітве за памерлага Чарлі Гарда і яго бацькоў запэўніў Святы Айцец Францішак праз свой акаунт у сацсетцы “Twitter”. “Даручаю Айцу маленькага Чарлі і малюся за яго бацькоў і людзей, якія любілі яго”, - так гучыць папскі твіт.

Смяротна хворы 11-месячны брытанскі хлопчык памёр 28 ліпеня 2017 г. у лонданскім хоспісе, куды быў пераведзены па рашэнні суда, які не задаволіў патрабаванне яго бацькоў дазволіць памерці іх сыну дома. Дзіця пакутавала ад рэдкага генетычнага захворвання – мітахандрыяльнага знясілення ДНК.

У красавіку суд задаволіў просьбу клінікі Грэйт-Ормонд-Стрыт, адключыць хлопчыка ад прыбораў жыццезабеспячэння. Гэта рашэнне было падтрымана вышэйшай судовай інстанцыяй Вялікабрытаніі – Вярхоўным судом, а таксама Еўрапейскім судом па правах чалавека. Бацькі Чарлі не пагадзіліся з судовымі вердыктам і працягвалі змагацца за жыццё свайго дзіцяці, нягледзячы на тое, што страцілі ўсе магчымасці для апеляцый.

Рэзкі паварот у гэтай гісторыі адбыўся пасля таго, як папа Францішак выказаў салідарнасць з бацькамі хлопчыка. Узяць дзіця на лячэнне пагадзіліся ватыканская дзіцячая бальніца “Bambino Gesù” і прэсвітэрыянскай бальніца Нью-Ёрка. Свае паслугі па лячэнні дзіцяці прапанавалі таксама спецыялісты з Італіі і Іспаніі.

Тым не менш, Крыс і Коні Гард вырашылі спыніць барацьбу пасля некалькіх месяцаў супрацьстаяння вышэйшым судовым інстанцыям Вялікабрытаніі і Еўропы. За гэты час працэс мускульнай атрафіі маленькага Чарлі зайшоў вельмі далёка, прызналі яго бацькі і выказалі перакананне, што хлопчык мог бы жыць нармальным жыццём, калі б адразу атрымаў неабходнае лячэнне.


29/07/2017 12:30