2017-07-31 15:23:00

Каталіцкі іерарх уручыў Патрыярху Кірылу ключы ад горада Бары


Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы, Патрыярх Кірыл стаў ганаровым грамадзянінам Бары – горада на поўдні Італіі. Аб гэтым паведаміў мясцовы арцыбіскуп Франчэска Какучы, які вярнуўся 28 ліпеня 2017 г. з Санкт-Пецярбурга разам з рэліквіямі св. Мікалая, што з дазволу папы Францішка былі выстаўлены з 21 мая спачатку ў сталіцы Расійскай Федэрацыі, а пазней у горадзе на Няве. На развітанні з імі прысутнічаў Патрыярх.

Перадача ключоў горада Бары мае асаблівае значэнне, паколькі азначае ўручэнне дарагому чалавеку сэрца і любові, сказаў падчас цырымоніі ў Санкт-Пецярбургу арцыбіскуп. Ён пажадаў Патрыярху, каб у будучыні адбыўся яго візіт у італьянскі горад для пакланення рэліквіям св. Мікалая.

З гэтай нагоды італьянскі іерарх назваў найбольш значныя этапы адносін з расійскім праваслаўем: візіт у Бары ў 1969 г. тагачаснага Мітрапаліта Ленінградскага Нікадзіма, якога суправаджаў у якасці яго сакратара цяперашні Патрыярх. У горадзе ў той час быў пабудаваны першы іканастас, што дазволіла праваслаўным вернікам праводзіць набажэнствы. У 2004 г. падчас візіту ў Бары Мітрапаліта Кірыла, які прадстаўляў Патрыярха Аляксея II, было прынята рашэнне ахвяраваць Маскоўскаму Патрыярхату храм у Бары. Праз год Маскву наведалі арцыбіскуп Какучы і ўлады італьянскага горада.

“Я нават не ўяўляў сабе таго, што мы перажываем у цяперашні час. Сапраўды, Бары з’яўляецца горадам, які злучае Усход і Захад!”, - сказаў іерарх, запрашаючы да малітвы, каб горад станавіўся ўсё больш і больш месцам паяднання.








All the contents on this site are copyrighted ©.