2017-08-02 12:22:00

Святы Айцец: хрост – гэта брама надзеі


Несці Езуса ў свет, асабліва тым, хто перажывае моманты жалобы, роспачы, цемры і нянавісці, заклікаў Францішак падчас першай пасля летняга перапынку агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла 2 жніўня 2017 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

Святы Айцец нагадаў, што ў старажытнасці касцёлы будаваліся скіраванымі на ўсход. У сакральны будынак уваходзілі праз дзверы, адчыненыя на захадзе і, праходзячы праз наву, ішлі ў кірунку ўсходу. “Гэта быў важны сімвал для старажытнага чалавека, алегорыя, якая з цягам гісторыі паступова канула ў забыццё. Мы, людзі сучаснай эпохі, значна менш прызвычаеныя да разумення вялікіх знакаў сусвету, амаль ніколі не звяртаем увагі на падобнага роду дэталі. Захад – гэта кропка, дзе святло памірае. Усход жа, гэта месца, дзе цемра перамагаецца першымі промнямі світанку і нагадвае нам пра Хрыста, Сонца, што ўзышло над даляглядам свету”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што ў старажытнасці, падчас абраду хросту, катэхумены выракаліся сатаны, гледзячы на захад, а затым, паварочваліся на ўсход, каб прамовіць вызнанне веры. Быць хрысціянамі, звярнуў увагу ён, значыць глядзець на Святло і працягваць вызнаваць веру ў Яго, нават калі свет ахоплены цемрай.

“Хрысціяне не з’яўляюцца свабоднымі ад знешняй і ўнутранай цемры. Яны не жывуць па-за светам, але, праз ласку Хрыста, атрыманую з хростам, з’яўляюцца “звернутымі на ўсход” людзьмі: вераць не ў цемру, але ў яснасць дня; не паддаюцца ночы, але пакладаюць надзею ў світанку; не даюць перамагчы сябе смерці, але прагнуць ўваскрасення; не скараюцца перад злом, бо заўсёды вераць у бясконцыя магчымасці дабра. Гэта наша хрысціянская надзея: святло Езуса, збаўленне, якое нам нясе Езус сваім святлом і якім ратуе нас ад цемры”, - сказаў Францішак.

Папа нагадаў вернікам, што яны не з’яўляюцца сіротамі, што маюць Айца, якім ёсць Бог, што Езус сыйшоў да людзей і стаў блізкім асабліва для самых бедных і ўразлівых, што Святы Дух няспынна дзейнічае на карысць чалавецтва і свету, і нават самыя вялікія пакуты гісторыі будуць пераможаны. 

“Мы верым, што кожнае цёплае пачуццё, кожнае сяброўства, кожнае добрае жаданне, кожная любоў, нават самая маленькая і кволая, аднойчы знойдзе сваё спаўненне ў Богу: вось сіла, якая падштурхоўвае нас з энтузіязмам прымаць наша штодзённае жыццё! І гэта наша надзея: жыць у надзеі і жыць у святле, у святле Бога Айца, у святле Езуса Збаўцы, у святле Святога Духа, Які падштурхоўвае нас наперад у жыцці”, - адзначыў Пантыфік.  

Францішак звярнуў увагу на яшчэ адну дэталь, якая спадарожнічае ўдзяленню сакрамэнту хросту: запальванне свечкі ад пасхалу. “Гаворка ідзе пра вялікую свечку, якую ў пасхальную ноч уносяць ў цалкам цёмны касцёл, каб прадэманстраваць таямніцу Уваскрасення Езуса. Ад яе ўсе запальваюць свае свечкі і перадаюць агеньчык тым, хто побач: у гэтым знаку заключана павольнае распаўсюджванне Уваскрасення Езуса ў жыцці ўсіх хрысціян. Жыццё Касцёла – гэта распаўсюджванне святла. Чым больш святла Езуса маем мы хрысціяне, тым больш святла Езуса ёсць у жыцці Касцёла, і тым больш Касцёл жывы. Жыццё Касцёла – гэта распаўсюджванне святла”, - сцведзіў Святы Айцец. 

Папа заклікаў вернікаў заўсёды памятаць пра дату ўласнага хросту і быць сапраўднымі носьбітам Хрыста у свеце, асабліва для тых, хто перажывае сітуацыі жалобы, роспачы, цемры і нянавісці. “Калі будзем вернымі нашаму хросту, будзем распаўсюджваць святло Божай надзеі і зможам перадаць будучым пакаленням сэнс жыцця”, - завяршыў ён сваю катэхезу.








All the contents on this site are copyrighted ©.