2017-08-02 14:44:00

У Ватыкане створана Міжнародная група па барацьбе з карупцыяй


У Ватыкане апублікавалі выніковы дакумент Міжнароднай дыскусіі па барацьбе з карупцыяй, у якім былі вызначаны мэты Міжнароднай кансультацыйнай групы па праблемах справядлівасці, карупцыі, арганізаванай злачыннасці і мафіі. Дыскусія прайшла ў Ватыкане 15 чэрвеня 2017 г.

У пачатку гучыць заклік Францішка, да тых, хто мае матэрыяльную, палітычную ці духоўную ўладу, супрацьстаяць любой спакусе карупцыі. Менавіта гэту інтэнцыю Францішак даверыў Сусветнай малітоўнай сетцы ў лютым 2018 г.

У дакуменце гаворыцца, што з верасня 2017 г. пачне дзейнічаць Міжнародная кансультацыйная група, створаная ў рамках Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яна будзе ўяўляць сабой міжнародную сетку адукацыйнага і інфармацыйнага фармату, разам з мясцовымі епіскапатамі зоймецца даследаваннем і распрацоўкай глабальных мер па барацьбе з карупцыяй. 

Падчас чэрвеньскай Міжнароднай дыскусіі прагучала меркаванне, што для барацьбы з карупцыяй, якая мае непасрэдную сувязь з арганізаванай злачыннасцю і мафіяй, патрэбна развіццё культуры, адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі, інстытуцыянальная актыўнасць, удзел грамадзян. У сувязі з гэтым з’явілася неабходнасць сфармулаваць розныя вызначэння “карупцыі”.

Чарговай тэмай працы Групы, паведамляецца ў Дакуменце, будзе развіццё амаль згубленай сувязі паміж справядлівасцю і прыгажосцю. Гістарычная, мастацкая і архітэктурная спадчына з’яўляецца эфектыўным элементам падтрымкі адукацыйных і сацыяльных дзеянняў супраць усіх форм карупцыі і арганізаванай злачыннасці.

Кансультацыйная група будзе таксама садзейнічаць эфектыўнай рэалізацыі міжнародных дамоў і прымяненню законаў, паколькі карупцыя, па сутнасці, перашкаджае мірнаму суіснаванню ў грамадстве.

Патрэбна абуджэнне сумлення, і гэта галоўная матывацыя працы Кансультацыйнай групы, што яе члены ўспрымаюць як маральнае абавязацельства, гаворыцца ў выніковым дакуменце Міжнароднай дыскусіі па барацьбе з карупцыяй. Законы неабходныя, але не дастатковыя. Ёсць неабходнасць дзеяння на трох узроўнях: адукацыі, культуры, грамадзянскай супольнасці. Ватыканская структура лічыць, што ад шырокай абыякавасці трэба пераходзіць да ўспрымання карупцыі з усёй сур’ёзнасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.