2017-08-03 10:36:00

Беларусь: новыя выданні Бібліі ў 500-годдзе кнігадруку


На канец жніўня ў Беларусі запланаваны выхад другога выдання Бібліі на беларускай мове. Нагадаем, упершыню Беларускае біблійнае таварыства выпусціла поўны пераклад Святога Пісання ў 2012 г. – на аснове рукапісаў кс. Уладзіслава Чарняўскага. Незадоўга да сваёй смерці святар перадаў Біблійнаму таварыству правы на выданне ўласных рукапісаў – эксперты здзейнілі іх дапрацоўку і набор. 

І вось цяпер, у 500-годдзе першай беларускай кнігі, якой стала Біблія Францішка Скарыны, убачыць свет другое, адрэдагаванае выданне Святога Пісання на сучаснай беларускай мове, накладам 4,5 тыс. асобнікаў. Аб гэтым у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў выканаўчы дырэктар таварыства Ігар Міхайлаў. Па яго словах, тыраж першага выдання, 4 тыс. асобнікаў, ужо практычна разыйшоўся. А другое выданне рыхтавалі з улікам заўвагаў да Новага Запавету, якія паступілі за гэты час. Справа ў тым, што ў першым выданні Новы Запавет быў перакладзены з крытычнага тэксту – больш кароткага і нязвыклага для беларускага чытача. Цяпер перакладчыкі ўзялі за аснову іншы грэчаскі тэкст, больш блізкі беларусам. Дарэчы, перакладам Новага Запавету для другога выдання займаліся многія спецыялісты розных канфесій.

“Мы дапоўнілі тэкст Новага Запавету, унеслі некаторыя папраўкі, выправілі недакладнасці. Скажу шчыра, мы спяшаліся, каб выдаць Біблію да Скарынаўскага юбілею, бо для нас вельмі важна даць людзям Святое Пісанне менавіта ў гэты юбілейны год”, - адзначае выканаўчы дырэктар таварыства.

Беларускае Біблійнае таварыства – гэта рэлігійная арганізацыя, заснаваная хрысціянамі розных канфесій у 1992 г. Акрамя ўдзелу ў перакладзе Бібліі на беларускую мову, яно распаўсюджвае духоўную літаратуру сярод супольнасцяў і жыхароў краіны, займаецца дабрачыннай і асветніцкай дзейнасцю, таму і вялікая частка новага выдання Бібліі будзе распаўсюджвацца бясплатна падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю кнігадруку.

“Таксама сярод нашых мэтаў – духоўная асвета народа і маральнае ўдасканальванне людзей шляхам развіцця хрысціянскай духоўнасці і культуры. У тым ліку – шляхам выдання і распаўсюду Бібліі па-беларуску. Мы надаем гэтаму праекту вялікую значнасць, роля беларускай мовы ў краіне ўзрастае, у цяжкія часы людзі заўсёды ядналіся вакол Святога Пісання. Упэўнены, што і беларуская мова будзе спрыяць усведамленню народам сябе як нацыі, росту духоўнасці. Эканамічнае развіццё немагчымае без духоўнага перамянення чалавека”, - сказаў Ігар Міхайлаў.

Тым часам прыцягваецца праект “Новая беларуская Біблія” або “Скарына-ХХІ”, ініцыятар якога – сябра Біблійнага таварыства, бібліст, доктар тэалогіі, гебраіст Ірына Дубянецкая. Праца праекта па акадэмічным навуковым перакладзе Бібліі пачалася ў 2012 г., а першы плён з’явіўся ў пачатку 2017 г., калі ў часопісе “Дзеяслоў” быў апублікаваны пераклад першага раздзела Бібліі, які назвалі “Кнігай Роду”: “Напачатку стварыў Бог неба і зямлю. І зямля была голая і кволая, і цемра над абліччам бездані, і вецер Божы веяў над абліччам вады. Бог сказаў: “Хай будзе сьвятло!” І было сьвятло. Бог убачыў, што сьвятло добрае. І аддзяліў Бог сьвятло ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І быў вечар, і была раніца, дзень адзін”.

Ірына Дубянецкая паведаміла Беларускай рэдакцыі, што да канца года павінны выйсці з друку першыя кнігі праекта “Новая беларуская Біблія”: “Ідэя ў тым, каб друкаваць пераклады Бібліі па меры іх з’яўлення – так жа, як рабіў Скарына. Цяпер мы хочам падрыхтаваць першую “порцыю”, у якой будуць першыя чатыры раздзелы Кнігі Роду – ад стварэння свету да гісторыі з Каінам, Песня песняў і Евангелле паводле Яна. Мы будзем рабіць тое, што ў Беларусі яшчэ не рабілася – кожная кніга будзе з прадмовай і каментарамі, якія дадуць магчымасць сучаснаму чытачу адчуць старажытны біблійны тэкст”, - паведаміла Ірына Дубянецкая.

Пераклады першых чатырох раздзелаў Кнігі Роду рабілі Караліна Мацкевіч і Ірына Дубянецкая, яна ж рыхтуе прадмову. Песню Песняў перакладаў Сяргей Шупа, а прадмову і каментары рабіла Галіна Сініла. Евангелле паводле Яна перакладаў выкладчык грэчаскай мовы Ягор Прыстаўка, каментары будзе рабіць кс. Сяргей Сурыновіч.

Трэба нагадаць, што першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснай беларускай, была Біблія першадрукара Францішка Скарыны. Пераклад быў зроблены ім з Вульгаты св. Гераніма або з чэскага перакладу 1506 г. У Дзень Перамянення Пана, 6 жніўня 1517 г. Скарына выдаў Псалтыр, пасля амаль кожны месяц – па новай кнізе Святога Пісання. Таму гэта дата лічыцца пачаткам беларускага кнігадруку і, сімвалічна, – духоўнага перамянення народа. З таго часу з’явілася шмат іншых перакладаў Бібліі, аднак агульнапрынятага і прызнанага ўсімі канфесіямі перакладу не існуе. Таму, як гэта ні парадаксальна, Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Святога Пісання на нацыянальную мову.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.