2017-08-04 12:59:00

Кардынал Паралін: мэта ватыканскай дыпламатыі – мір


Блізкі Усход, складаная праблема Іерусаліма і святых месцаў знаходзяцца ў сэрцы Апостальскай Сталіцы, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire”. Ён паразмаляў з журналістамі падчас візіту ў Асізі з нагоды ўрачыстасцяў адпусту “Асізскае дараванне”, якія традыцыйна праходзяць тут напачатку жніўня.

Горад св. Францішка нагадвае аб воклічы шматлікіх бедных і пакрыўджаных, якія просяць аб міры і справядлівасці на зямлі, падкрэсліў іерарх. На яго думку, у першую чаргу гэты вокліч даносіцца з Блізкага Усходу. Сітуацыя ў гэтым рэгіёне найбольш турбуе Апостальскую Сталіцу. 

Гаворачы пра нядаўнія сутыкненні ў Іерусаліме, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што Святы Пасад лічыць гэты горад адзіным і святым для юдэяў, хрысціян і мусульман. Іерусалім павінен быць “адкрытым горадам”, у якім павінны прызнавацца і паважацца правы і рэлігійная свабода ўсіх вернікаў, дадаў ён.

На думку кардынала Дзяржсакратара, каб не дапусціць эскалацыі канфклікту патрэбна палітычная воля. Для гэтага існуе шмат магчымасцяў і канкрэтных прапановаў, але не хапае волі кожнага з бакоў, каб дасягнуць кампрамісу, з жалем заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Каментуючы сітуацыю ў Венесуэле кардынал Паралін аспрэчыў меркаванне, што тут ватыканская дыпламатыя пацярпела паразу. Дыпламатыя Святога Пасаду – гэта дыпламатыя міру. Яна не мае сваіх палітычных, эканамічных ці ідэалагічных інтарэсаў. Яе мэтай з’яўляецца мір і дабро грамадства, а не ідэалагічная перамога аднаго з бакоў, таму тут трэба працягваць дзейнічаць, перакананы іерарх.

У якасці станоўчага прыкладу такіх высілкаў ён назваў сітуацыю ў Калумбіі, дзе нягледзячы на ўсе цяжкасці і палітычныя рознагалоссі наступіў мір, які можа быць умацаваны хуткім візітам папы Францішка.  








All the contents on this site are copyrighted ©.