2017-08-04 10:56:00

Папа: рэлігіі павінны супрацоўнічаць дзеля міру


Усе рэлігіі пакліканы “маліцца і супрацоўнічаць дзеля міру”, імкнучыся аднавіць “гармонію ў многіх частках свету, змучаных вайной і тэрарызмам”. З такім заклікам папа Францішак звярнуўся ў спецыяльным пасланні да Вярхоўнага святара японскай будыйскай школы Тэндай Каэю Марыкавы. Нагодай для звароту стала ХХХ Міжрэлігійная малітоўная сустрэча ў інтэнцыі міру, якая 3 жніўня 2017 г. пачалася ў будыйскім санктуарыі на гары Хіэй, у ваколіцах гораду Кіёта. 

Святы Айцец цёпла прывітаў яе ўдзельнікаў – прадстаўнікоў розных рэлігійных традыцый, запэўніваючы іх у сваёй духоўнай блізкасці і далучаючыся да іх малітвы. Афіцыйную дэлегацыю Апостальскай Сталіцы на сустрэчы ўзначальвае кітайскі кардынал Джон Тонг Хон, біскуп Ганконга на пенсіі.

“Гэты штогадовы рэлігійны саміт робіць значны ўнёсак у будаванне духа дыялогу і сяброўства, які дазваляе паслядоўнікам сусветных рэлігій разам працаваць дзеля адкрыцця новых шляхоў для міру ў нашай чалавечай сям’і”, - напісаў Папа. Менавіта малітва, паводле яго слоў, натхняе і падтрымлівае імкненне да міру, бо “дапамагае паглыбіць нашу ўзаемную чалавечую павагу, умацоўвае повязі любові паміж намі і натхняе на рашучыя высілкі па прасоўванні справядлівых адносін і брацкай салідарнасці”.

Францішак падкрэсліў, што ў сучасным свеце, пазначаным насіллем, тэрарызмам і пагрозамі нашаму супольнаму дому, сведчанне малітвы і супольнай занепакоенасці “пераказвае фундаментальнае пасланне людзям добрай волі”. Будучы людзьмі веры, “мы пераканыя, што трывалы мір сапраўды магчымы, бо ведаем: няма нічога немагчымага, калі мы звернемся да Бога ў малітве”, - напісаў Папа.

Упершыню Міжрэлігійная малітоўная сустрэча ў інтэнцыі міру была праведзена на гары Хіэй у жніўні 1987 г.. Прыкладам і натхненнем для яе стаў гістарычны Сусветны дзень малітвы аб міры, які 27 кастрычніка 1986 г. адбыўся ў Асізі. Дата правядзення малітоўнай сустрэчы ў будыйскім санктуарыі была выбрана ў памяць аб трагедыі атамнай бармардзіроўкі японскіх гарадоў Хірасіма і Нагасакі ў жніўні 1945 г..








All the contents on this site are copyrighted ©.