2017-08-06 13:27:00

Беларусь: Касцёл святкуе 500-годдзе Бібліі Скарыны


Мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены стаў цэнтрам маштабнага свята ў гонар нараджэння беларускага кнігадрукарства. 6 жніўня 1517 г. у Празе выйшаў у свет “Псалтыр” на старажытнай беларускай мове, які выдаў Францішак Скарына з Полацка. Біблія Скарыны стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян. Толькі пазней выйшлі англійскі і французскі пераклады, амаль праз 50 гадоў – “маскоўскі” “Апостал”. 

Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў, сапраўды ў нейкім сэнсе рэвалюцыя. Рэвалюцыйнай была і постаць першадрукара, спадчына якого павінна аб’ядноўваць хрысціян, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Нам трэба піць гэтую жывую ваду нашай веры, якую мы можам чэрпаць са Святога Пісання. Біблія Скарыны павінна нас аб’яднаць, калі гэтага не было ці было не ў поўнай меры. Таму гэта свята павінна стаць новым імпульсам нашага аб’яднання вакол Божага Слова”, - адзначыў іерарх. 

Свята, якое пачалося са св. Імшы, так і назвалі “Скарына, які нас аб’ядноўвае”. У сценах Чырвонага касцёла сабраліся прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, навукоўцы, паэты, мастакі, перакладчыкі – тыя, хто вывучае, памнажае ці захоўвае спадчыну першадрукара. Вядома, што Біблія Скарыны – гэта не выключна царкоўнае і акадэмічнае выданне, гэта – першае Святое Пісанне для “хатняга” чытання. Усе тэксты – дзеля асветы, прычым на зразумелай мове для простага народа, нагадаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. “Вядома, гэта мова для народа. З аднаго боку, гэта тэксты, блізкія царкоўнаславянскай мове, з другога – гэта руская мова таго часу менавіта са шматлікімі словамі, характэрнымі для нашай тэрыторыі. Для нас гэта важна, таму што, калі 500 гадоў таму Скарына даў нам Біблію на зразумелай мове, то і сёння мы павінны чытаць яе на роднай мове”, - выказаў думку святар. 

Пасля выхаду “Псалтыра” амаль кожны месяц выдаваліся ўсё новыя і новыя кнігі Бібліі. На працягу 1517-1519 гадоў у Празе Скарына выпусціў у свет звыш 20 ілюстраваных біблійных кніг, перакладзеных ім на зразумелую шырокаму чытачу мову. Кожную забяспечыў прадмовай і пасляслоўем, малюнкамі. Працягваў друкарскую дзейнаць Скарына ў Вільні, таму яна аказала велізарны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. 

Цяпер вывучэнне спадчыны першадрукара немагчыма толькі ў Мінску, ці толькі ў Вільні, лічыць Валянцін Стэх, старшыня Беларускага клуба “Сябрына”, які прыбыў з літоўскай сталіцы на сённяшняе свята. “Трэці год запар мы арганізуем Скарынаўскія чытанні, у гэтым годзе яны пройдуць 16-17 лістапада ў Акадэміі навук Літоўскай Рэспублікі. Мы спадзяемся, што гэта падзея зверне на сябе ўвагу. Тым больш, што гэты год у Вільні быў абвешчаны Годам Францішка Скарыны”, - падзяліўся планамі госць.

Пад знакам Францішка Скарыны 2017 г. праходзіць і ў Беларусі. Сапраўды, першадрукара і яго спадчыну шануюць ва ўсім свеце. У Чырвоным касцёле адкрылася выстава кніг, мастацкая экспазіцыя і адбыўся незвычайны канцэрт. Хрысціянскі бард Арцём Сітнікаў упершыню на публіку прадставіў песні на словы Скарыны, працаваў ён з тэкстамі перакладу на беларускую мову айца Аляксандра Надсана і запэўнівае: класці творы на музыку лёгка, а атрымліваецца прыгожа. “Тое, што я спрабую спяваць – гэта Акафіст Імені Ісуса, а таксама малітва да Найсвяцейшай Багародзіцы. Гэта паэтычныя творы самі па сабе, але яны не маюць строгай рытмікі. Таксама там ёць проза, але такая лірычная проза. Шчыра кажучы, я спавяю іх на ўзор нашых царкоўных спеваў”, – прызнаўся спявак. 

Усе прысутныя на “касцёльным” святкаванні юбілею змаглі яшчэ раз асэнсаваць шматграннасць спадчыны Скарыны. У жыцці і біяграфіі першадрукара яшчэ шмат белых плямаў, таму сёння, праз 500 гадоў пасля выдання першай друкаванай Бібліі на ўсходнеславянскіх землях, яе вывучэнне працягваецца.








All the contents on this site are copyrighted ©.