2017-08-08 15:35:00

Епіскапат Грэцыі напісаў ліст у падтрымку Пантыфіка


Каталіцкія біскупы Грэцыі напісалі ліст да папы Францішка, у якім засведчылі сваю салідарнасць з ім і яго вучэннем ў абліччы супраціву, з якім ён сустракаецца ў служэнні, “часам і з боку тых, хто павінен быць яго супрацоўнікамі”.

Яны пішуць пра смутак, які выклікае “супраціў адносна слоў пастыра Паўсюднага Касцёла, але і адносна яго душпастырскай лініі, якая павінна стаць душпастырскай лініяй для ўсяго Касцёла, таму што яна прасякнута духам Евангелля”.

Грэчаскія біскупы адчуваюць боль, які выклікае ў Папы такая сітуацыя і моляцца аб сіле духа і Божай падтрымцы для яго. Яны заяўляюць, што прымаюць вучэнне Францішка, адлюстраванае як у яго словах, так і канкрэтных дзеяннях, паколькі менавіта яго “Дух Святы, праз канклаў, даў свайму народу”, як “бачную аснову адзінства веры і камуніі любові”. Асаблівым чынам яны прымаюць папскае вучэнне аб сужэнстве і сям’і, выяўленае “аўтарытэтным чынам у Апостальскай адгартацыі „Amoris laetitia”. Падкрэсліваюць, што яно “цалкам адпавядае вучэнню апосталаў і святых Айцоў Усходу, што падзяляюць у гэтай галіне таксама Усходнія Праваслаўныя Цэрквы”.

Аўтары дадалі, што не толькі біскупы, але і святары, законнікі і свецкія вернікі любяць Папу і з павагай прымаюць яго словы. Яго дзенасцю на карысць бедных і непасрэдным кантактам з вернікамі захапляецца таксама “праваслаўны народ”.

“Святы Ойча, дзякуй Табе за ўсё, што даеш ўсяму Касцёлу”, - напісалі грэчаскія каталіцкія біскупы.








All the contents on this site are copyrighted ©.