2017-08-08 14:24:00

Францішак самы папулярны сусветны лідэр з “Twitter”


Ужо больш за 36 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту сочыць за “папскім” акаўнтам у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Апошні мільён прыбыў на працягу 19 дзён у перыяд з 14 ліпеня па 2 жніўня 2017 г., у сярэднім на 50 тыс. чалавек у дзень. Гэта ў пяць разоў хутчэй, чым у мінулым годзе. Раней на пераход ад 33 да 34 мільёнаў спатрэбілася амаль тры месяцы, а ад 34 да 35 мільёнаў – 30 дзён.

Профіль @Pontifex, заснаваны пяць гадоў таму, мае дзевяць моўных версій: іспанскую – з 13 мільёнамі карыстальнікаў, англійскую – з 12 мільнамі, італьянскую – з 4,5 мільёнамі, а таксама партугальскую, з амаль 8% ад агульнай колькасці падпісаных на “Twitter” Папы, польскую, французскую і лацінскую – з амаль 2,5%, нямецкую і арабскую – крыху больш за 1%. 

Францішак з’яўляецца самым папулярным сусветным лідэрам з профілем  на “Twitter”. Другое месца заняў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп – 35,3 мільёнаў падпішчыкаў, а трэцяе – прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі – 32,4 мільёны.

@Pontifex распачаў сваю дзейнасць у снежні 2012 г. Да лютага 2013 г. яго выкарыстоўваў Бэнэдыкт XVI. Францішак пачаў карыстацца акаўнтам праз чатыры дні пасля свайго абрання на пасаду Біскупа Рыма – 17 сакавіка 2014 г. З таго часу колькасць карыстальнікаў пачала расці асабліва хуткімі тэмпамі.

Першапачаткова твіт-паведамленні з’яўляліся на папскім акаўнце з нагоды агульных аўдыенцый, святаў ці іншых важных падзей у жыцці Касцёла, але пазней яны сталі публікавацца штодзённа. Дзякуючы сваёй прастаце, глыбіні і актуальнасці, яны разыходзяцца па сацыяльнай сетцы праз дзесяткі тысяч “рэтвітаў”.

Францішак уваходзіць у групу самых уплывовых лідэраў, прысутных у “Twitter”. Па дадзеных даследавання, праведзенага ў 2014 г. PR-агенцтвам “Burson-Marsteller”, кароткія пасланні ніводнага іншага палітыка і рэлігійнага лідэра свету не чытаюць так часта і не перадаюць, як “твіты” Святога Айца. Вырашальнай тут з’яўляецца не толькі колькасць карыстальнікаў, але і іх актыўнасць і ўплыў.








All the contents on this site are copyrighted ©.