2017-08-10 10:41:00

Кардынал Паралін пра магчымасць візіту Папы ў Расію


“Падрыхтоўка магчымага візіту Святога Айца Францішка ў Расію выходзіць за рамкі мэтаў майго падарожжа. Я спадзяюся, аднак, што, з Божай дапамогай, яно можа ўнесці некаторы ўклад у гэтым кірунку”, - заявіў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал Пьетра Паралін у інтэрв’ю італьянскай “Corriere della Sera”, апублікаваным 9 жніўня 2017 г. Іерарх 20-24 жніўня 2017 г. будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам у Расійскай Федэрацыі.

Сустрэчы кардынала Параліна з Прэзідэнтам Расіі і Маскоўскім Патрыярхам рыхтаваліся ўжо “на працягу некаторага часу”, паколькі мір для ватыканскай дыпламатыі, як і для Францішка, “з’яўляецца безумоўным прыярытэтам і імператывам”, тым больш у цяперашні час, пазначаны “ростам напружанасці і канфліктаў у розных частках свету”.

Іерарх патлумачыў, што Святы Пасад надае асаблівую ўвагу Усходняй Еўропе, што, у дадатак да багатай культурнай і рэлігійным традыцыі, адыгрывае ролю ў пошуку большай стабільнасці і большага адзінства на кантыненце”. Іерарх лічыць, што “пасля перыяду ідэалагічнай канфрантацыі і ў абліччы новых сцэнарыяў, адкрытых з заканчэннем халоднай вайны, важна пашыраць павагу, дыялог і ўзаемнае супрацоўніцтва ў імя ўмацавання міру”. Менавіта ў гэтым кантэксце адбываліся ранейшыя візіты Дзяржсакратара ў іншыя краіны рэгіёну: у Беларусь, на Каўказ, у краіны Балтыі і ва Украіну. Наведанне Расіі стане магчымасцю выявіць духоўную блізкасць Папы да мясцовай каталіцкай супольнасці і сустрэцца на самым высокім узроўні з расійскімі ўладамі для перамоў па двухбаковых і міжнародных пытаннях, а таксама падтрымаць кантакты на экуменічным узроўні.

На пытанне пра магчымыя тэмы падчас размовы з прэзідэнтам Пуціным, кардынал адзначыў, што “Касцёл не перастае нагадваць усім палітыкам планеты аб неабходнасці не ставіць нацыянальныя або прыватныя інтарэсы вышэй за агульнае дабро, вышэй за міжнароднае права – няма права сілы, але ёсць сіла закона – вышэй за кансэнсус і супрацоўніцтва паміж народамі. І метадам тут заўсёды з’яўляецца дыялог”.

Адносна росту напружанасці паміж Расіяй і Злучанымі Штатамі, кардынал Дзяржсакратар выказаў глыбокае спадзяванне, што “абодва бакі будуць дзейнічаць з належнай адказнасцю, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці”, будуць здольнымі прызнаць любыя памылкі, якія могуць з’яўляцца прычынай такой сітуацыі. Пакуль у гэтым напрамку нічога не было зроблена, і, такім чынам, адносіны пагаршаюцца далей. У такой сітуацыі іерарх лічыць важнай ролю Цэркваў і грамадзянскай супольнасці ў падтрымцы любой ініцыятывы, якая спрыяе паляпшэнню агульнай атмасферы.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы спадзяецца, што сустрэча з Патрыярхам Кірылам паспрыяе пошуку “пазітыўнага і адкрытага спосабу далейшага будавання міжцаркоўных адносін і канструктыўнаму ўкладу, з боку Цэркваў, у вырашэнне складаных праблем, якія хвалююць і непакояць чалавецтва”. Кардынал Паралін лічыць, што яна “паслужыць паляпшэнню разумення, супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі паміж католікамі і праваслаўнымі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.