2017-08-10 13:55:00

Пантыфік назірае за канфліктам паміж ЗША і Паўночнай Карэяй


Як хрысціяне мы павінны ісці шляхам міру і ўмацоўваць перакананне, што ад ядзернай пагрозы можна абараніцца толькі цалкам адмовіўшыся ад ядзернай зброі, лічыць арцыбіскуп Сільвана Тамазі, былы шматгадовы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Жэневе.  

Каментуючы напружаныя адносіны паміж ЗША і Паўночнай Карэяй дыпламат заўважыў, што Папа назірае за гэтай сітуацыяй. Пантыфік выразна выказваецца не толькі супраць гандлю зброяй, але і супраць насілля, як метаду вырашэння праблем. Ён заклікае міжнародную супольнасць не ўзводзіць непатрэбных межаў, але практыкаваць інклюзіўнасць, шукаць шляхі неўжывання насілля, падкрэсліў іерарх. 

Паводле арцыбіскупа Тамазі, у свеце ўзрастае ўсведамленне таго, што атамная зброя з’яўляецца дэструктыўнай і бескарыснай, але з іншага боку, працягваюць існаваць пэўныя ачагі напружанасці, а таксама людзі і краіны, якія разглядаюць зброю масавага знішчэння ў якасці легітымных абарончых інструментаў. “Каб быць абароненымі ад ядзерных пагрозаў, трэба, каб ніводная краіна не мела ядзернай зброі, і каб была знойдзена канструктыўная і бяспечная альтэрнатыва”, - сказаў іерарх. Па яго словах, сур’ёзнасць і небяспека такой зброі заключаецца ў тым, што ўдараючы па вайсковых аб’ектах, яна адначасова знішчае грамадзянскія. 

Такім чынам, узгаданыя віды ўзбраенняў з’яўляюцца абсалютна непрымальнымі. Гэтаму трэба навучаць, а таксама трэба распавядаць людзям пра цяжкія наступствы выкарыстання ядзернай зброі, перакананы былы ватыканскі дыпламат. 

На яго думку, сёння існуе патрэба ў тым, каб садзіць за стол перамоваў людзей з радыкальна розным мысленнем, з дыяметральна супрацьлеглымі палітычнымі  поглядамі. Гэта вельмі цяжка, але трэба ўсцяж спрабаваць ісці шляхам дыялогу, дамоваў, перакананняў. 

Арцыбіскуп Тамазі выказаўся супраць шляху ізаляцыі асобных краін. Трэба дазволіць усім дзяржавам карыстацца выгадамі міжнароднага гандлю, даць ім магчымасці для развіцця, дазволіць адчуць сябе часткай адзінай чалавечай сям’і, каб яны не мелі патрэбы хавацца за пагрозай выкарыстання сілы, лічыць шматгадовы прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.