2017-08-12 12:33:00

Папа да моладзі: удзельнічайце ў падрыхтоўцы да Сіноду


Святы Айцец заклікаў моладзь прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да Сіноду Біскупаў. Адмысловы зварот ён скіраваў 12 жніўня 2018 г. праз свой акаўнт у сацыяльнай сетцы “Twitter”. “Дарагая моладзь, вы надзея Касцёла. Якой уяўляеце сабе вашу будучыню? Удзельнічайце ў #sinodo18!”, - напісаў Францішак. 

Акрамя таго Папа падзяліўся спасылкай на інтэрактыўную анкету, разлічаную на юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў. Адказы на змешчаныя ў ёй пытанні пакліканы дапамагчы арганізатарам сінадальнай асамблеі лепш падрыхтавацца да форуму. Анлайн-апытальнік размешчаны на афіцыйным сайце XV Генеральнай Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў: www.youth.synod2018.va.

Бліжэйшы Сінод пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Аб сваім рашэнні правесці сінадальную сустрэчу, прысвечаную моладзі, Францішак заявіў 6 кастрычніка 2016 г. Ён заклікаў маладых людзей прыняць актыўны ўдзел у “сінадальным падарожжы”, бо ўвесь Касцёл жадае пачуць і адчуць іх голас і веру, а таксама іх сумневы і крытычныя заўвагі.








All the contents on this site are copyrighted ©.