2017-08-12 09:57:00

Італьянскі біскуп у Гомелі: бачу тут веру і надзею


Беларусь наведаў італьянскі каталіцкі біскуп Франчэска Аліва. Пастыр дыяцэзіі Локра-Джэрачэ прывёз у Гомель рэліквіярый з часціцай перадплечча святога мучаніка Панцеляймона, які асабліва шануецца Праваслаўнай Царквой. Рэліквію гэтага святога лекара-цудатворцы прывозілі ў Беларусь ў 2016 г.. На працягу стагоддзяў яна захоўвалася ў катэдральным касцёле ў Джэрачэ, у італьянскай Калабрыі, але нядаўна была дасягнутая дамоўленасць аб перадачы часціцы рэліквіі беларускім вернікам.

9 жніўня 2017 г. яна была дастаўлена ў гомельскі праваслаўны Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор. Дэлегацыю з Італіі разам з многімі вернікамі і прадстаўнікамі духавенства сустрэў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Ён горача падзякаваў біскупу Франчэска Аліве і адзначыў, што святыня мае вялікае значэнне для ўсіх, асабліва, для жыхароў Гомельскай вобласці, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. "Мы верым, што прысутнасць такой вялікай рэліквіі на гомельскай зямлі – гэта дар Божы для ўсіх нас", - сказаў епіскап Стэфан.

Пасля ўрачыстасцяў у праваслаўным саборы, 11 жніўня, біскуп Аліва наведаў гомельскую рыма-каталіцкую парафію Нараджэння Божай Маці. Ксёндз-пробашч Юры Варанко правёў для італьянскага госця экскурсію па святыні і распавёў пра жыццё мясцовых католікаў. Як адзначыў італьянскі іерарх у інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, перадачу рэліквіі праваслаўным Гомеля ён бачыць у ліку тых маленькіх крокаў, якія вядуць да галоўнага – да яднання, да пераадолення шматлікіх праблем, якія ёсць цяпер і могуць з'явіцца ў будучыні.

"У мяне неверагодна цудоўныя ўражанні ад знаходжання на беларускай зямлі. Нават нягледзячы на тое, што мы вельмі далёкія геаграфічна, мы адчуваем адзінства праз веру, праз нашу агульную гісторыю, старажытную візантыйскую культуру, якая нас аб'ядноўвае. Нягледзячы на сумную гісторыю мінулага і трагедыі, якія адбыліся на беларускай зямлі, якія ўдарылі па вернікам, я бачу тут вялікую надзею і імкненне да яднання, да веры, якая была страчана, але цяпер з сілай адраджаецца", - сказаў італьянскі біскуп.

Св. Панцеляймон жыў у III-IV стст. на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Стаўшы лекарам, ён лячыў людзей бясплатна. Аднойчы на яго напісалі данос імператару Максіміану, у якім гаварылася, што ён наведвае ў турме хрысціянаў і лечыць іх імем Хрыста. Імператар паклікаў Панцеляймона і загадаў абвергнуць абвінавачванне. Тады святы прапанаваў манарху паклікаць невылечна хворага і зладзіць выпрабаванне: хто яго аздаровіць – ён ці язычніцкія жрацы – вера таго і павінна быць сапраўднай. Паводле падання, язычнікі не змаглі вылечыць хворага, а Панцелеймон сілай малітвы вярнуў яму здароўе. Пасля гэтага многія паверылі ў Хрыста, а Максіміян азлобіўся на Панцеляймона і загадаў катаваць яго да смерці. Лічыцца, што праз заступніцтва гэтага святога Бог выконвае мноства просьбаў аб аздараўленні.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.