cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Францішак: вера дае ўпэўненасць пасярод бураў і цяжкасцяў

Францішак: вера дае ўпэўненасць пасярод бураў і цяжкасцяў - ANSA

13/08/2017 12:57

Вера не вызваляе ад жыццёвых праблем, але падтрымлівае на шляху і дае яму сэнс, падкрэсліў папа Францішак 13 жніўня 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

“Сёння Евангелле (Мц 14,22-33) апісвае гісторыю Езуса, які пасля таго, як усю ноч маліўся на беразе Галілейскага возера, накіраваўся да чаўна сваіх вучняў, ідучы па вадзе. – нагадаў Пантыфік, – Човен знаходзіўся пасярод возера, затрыманы моцным супраціўным ветрам. Калі ўбачылі Езуса, што ішоў па вадзе, вучні падумалі, што гэта прывід і спалохаліся. Але Ён суцішыў іх: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся!” (Мц 14,27). Пётр, з сваім тыповым запалам, сказаў Яму: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”; і Езус паклікаў яго: “Ідзі” (Мц 14,28-29). Пётр выйшаў з чаўна і пайшоў па вадзе да Езуса, але з-за моцнага ветру спалохаўся і пачаў тануць. Тады закрычаў: “Пане, ратуй мяне!”, і Езус працягнуў руку, і выцягнуў яго (Мц 14,30-31).

Гэта евангельскае апавяданне мае багаты сімвалізм і падштурхоўвае да разважання аб нашай веры, як асобных людзей, так і касцёльнай супольнасці, у тым ліку аб веры ўсіх нас, прысутных сёння на гэтай плошчы. Ці мае наша касцёльная супольнасць веру? У якім стане вера кожнага з нас і вера нашай супольнасці? Човен – гэта жыццё кожнага з нас, але таксама і жыццё Касцёла; супраціўны вецер азначае цяжкасці і выпрабаванні. Ускліканне Пятра: “Пане, загадай мне ісці да Цябе!” і яго крык: “Пане, ратуй мяне!”, вельмі падобныя на наша жаданне адчуць блізкасць Пана, але таксама на страх і трывогу, што суправаджаюць самыя цяжкія хвіліны нашага жыцця і жыцця нашых супольнасцяў, пазначаныя ўнутранай слабасцю і знешнімі праблемамі.

У той момант Пятру было не дастаткова ўпэўненага слова Езуса, якое было як бы кінутай вяроўкай, за якую трэба было ўхапіцца, каб вызваліцца з варожай і бурнай вады. Падобным чынам можа здарыцца таксама і з намі. Калі не трымацца за слова Пана, але дзеля большай упэўненасці звяртацца да гараскопаў і варажбітаў, пачнеш ісці да дно. Гэта значыць, што вера не вельмі моцная. Сённяшняе Евангелле нагадвае нам, што вера ў Пана і Яго слова не адкрывае нам шлях, на якім усё проста і спакойна; не вызваляе нас ад жыццёвых бураў. Вера дае ўпэўненасць ў Прысутнасці, прысутнасці Езуса, якая дапамагае нам пераадольваць жыццёвыя буры, дае ўпэўненасць у руцэ, што трымае нас, каб дапамагчы пераадоліць цяжкасці, указваючы нам шлях нават у цемры. Вера, такім чынам, гэта не вызваленне ад жыццёвых праблемаў. Яна падтрымлівае на шляху і дае яму сэнс.

Гэты ўрывак з’яўляецца цудоўным вобразам рэчаіснасці Касцёла ўсіх часоў: човен, на сваім шляху, павінен пераадоліць таксама супраціўныя ветры і буры, якія пагражаюць перакуліць яго. Тое, што яго ратуе, гэта не толькі адвага і якасці яго людзей: гарантыя ад караблекрушэння – гэта вера ў Хрыста і Яго слова. Вось гарантыя: вера ў Езуса і Яго слова. У гэтым чаўне мы ў бяспецы, нягледзячы на нашу мізэрнасць і слабасці, асабліва калі становімся на калені і аддаем пашану Пану, як вучні, якія напрыканцы, “пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!” (Мц 14,33). Як цудоўна казаць Езусу гэтыя словы: “Ты сапраўды Сын Божы!”. Скажам гэта ўсе разам: “Ты сапраўды Сын Божы!”.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам заставацца моцнымі ў веры, каб супрацьстаяць жыццёвым бурам, каб заставацца ў чаўне Касцёла, пазбягаючы спакусы сесці ў прывабныя, але небяспечныя шлюпкі ідэалогій, моды і слоганаў”. 

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў благаслаўленне. 


13/08/2017 12:57