2017-08-14 12:44:00

Пантыфік: шлях даверу да Бога пачынаецца кожны дзень


“Шлях даверу да Пана пачынаецца кожны дзень, ад самай раніцы”, - такія словы папа Францішак скіраваў праз свой акаўнт у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Пантыфік прымеркаваў іх да ўспаміну св. Максіміліяна Кольбэ, святара і мучаніка, які 14 жніўня адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле. 

Св. Максімільян Марыя Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы. У 1907 г. уступіў у Ордэн Меншых Братоў Канвентуальных. Вучыўся ў Львове і Рыме. Душпастырскае служэнне нёс на тэрыторыі Польшчы. У перыяд з 1920 па 1925 гг. працаваў у Гродне. Займаўся місіянерскай дзейнасцю на Далёкім Усходзе.

У 1941 г. айцец Максімільян быў арыштаваны нацыстамі і вывезены ў канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц-Біркенау”. Там ён дабраахвотна ахвяраваў сваё жыццё за асуджанага на смерць чалавека, які меў сям’ю. Апынуўшыся ў бункеры смерці, ён правёў там разам з іншымі асуджанымі два тыдні без ежы і піцця. 14 жніўня 1941 г. яго, дашчэнту знясіленага, забілі, увёўшы смяротную ін’екцыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.