2017-08-14 11:19:00

Папа: прысутнасць мігрантаў – нагода для чалавечага росту


Бачыць у прысутнасці мігрантаў магчымасць для чалавечага росту, сустрэчы і дыялогу, а таксама нагоду для абвяшчэння і сведчання Евангелля любові. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да хрысціян італьянскай дыяцэзіі Уджэнта-Санта-Марыя-Дзі-Леўка, моладзі Міжземнаморскага рэгіёну і ўсіх людзей добрай волі. 

Нагодай для звароту стала міжнародная сустрэча пад назвай: “Міжземнамор’е – порт братэрства”. Яна прайшла 13-14 жніўня 2017 г. у горадзе Кастрын’яна-дэль-Капа, на поўдні Італіі, па ініцыятыве мясцовага Касцёла, грамадскіх структур і асацыяцый. У ёй прынялі ўдзел 250 дэлегатаў з больш чым 30 краін Еўропы, Афрыкі, Азіі і Блізкага Усходу.

У сваёй прывільнай тэлеграме Папа запэўніў іх у духоўнай падтрымцы. “Жадаю, каб гэта важная падзея абудзіла ўсё больш шчырыя дзеянні на карысць культуры гасціннасці і салідарнасці, спрыяючы такім чынам міру і братэрству паміж народамі”, - напісаў Святы Айцец.

На завяршэнне сустрэчы яе ўдзельнікі апублікавалі дэкларацыю, у якой пастанавілі спрыяць умацаванню братэрства і салідарнасці ў Міжземнамор’і, а таксама заклікалі палітыкаў стварыць новыя гуманітарныя калідоры, пакласці канец гандлю зброяй, інвеставаць у інтэгральнае чалавечае развіццё і бараніць права людзей жыць у міры на сваёй тэрыторыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.