2017-08-16 11:10:00

Папскі пасланнік у Сальвадоры: Рамэра – мучанік надзеі


“Словы папы Францішка пацвярджаюць, што благаслаўлёны Рамэра з’яўляецца святым надзеі”, - адзначыў чылійскі кардынал Рыкарда Эзаці, спецыяльны пасланнік Пантыфіка на святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння сальвадорскага мучаніка, арцыбіскупа Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамеса. 

Урачыстая літургія прайшла 15 жніўня 2017 г. у катэдральным касцёле ў Сан-Сальвадоры. Яна стала кульмінацыйнай падзеяй трохдзённай пілігрымкі, прымеркаванай да стогадовага юбілею з дня нараджэння іерарха, забітага ў 1980 г. членам “эскадрону смерці”, у той момант, калі цэлебраваў св. Імшу ў капліцы шпіталя Божага Провіду.

Кардынал Эзаці працытаваў ліст, якім Францішак прызначыў яго сваім прадстаўніком на ўрачыстасцях: “Спаўняецца ўжо сто гадоў з дня нараджэння Оскара Арнульфа Рамэра, біскупа і мучаніка, выбітнага пастыра і сведкі Евангелля, рашучага абаронцы Касцёла і годнасці чалавека. Сын умілаванай сальвадорскай зямлі, ён распавядаў людзям нашай эпохі аб збаўчай справе Пана Нашага Езуса Хрыста і Яго любові да ўсіх, асабліва да бедных і выкінутых на ўзбочыну. Як у сваім святарскім жыцці, так і на пачатку свайго біскупскага служэння, ён ішоў выключным духоўным шляхам, які прывёў яго да прапаведвання справядлівасці, прымірэння і супакою”.

Чылійскі кардынал нагадаў, што папа Францішак мае вялікую павагу да сальвадорская зямлі, “якая носіць імя Боскага Збаўцы”. Ён нагадаў пра жаданне Святога Айца, каб “мучаніцтва арцыбіскупа Рамэра не пераставала прыносіць багатыя плёны касцёльнага адзінства, згоды і салідарнасці паміж сальвадорцамі, дзеля будавання справядлівага і шляхетнага грамадства”. “У гэтай поўнай надзеі барацьбе за жыццё, Папа разам з вамі! Ён заклікае вас рабіць больш чалавечным і справядлівым развіццё вашай краіны і ўдзяляе вам Апостальскае благаслаўленне”, - сказаў пасланнік Пантыфіка.

Кардынал Эзаці дадаў, што благаслаўлёны арцыбіскуп Рамэра з’яўляецца мучанікам надзеі “для бедных кантыненту, для нашага ўмілаванага Касцёла, для ўсіх, хто змагаецца за справядлівасць, згоду і мір”.

Прычынай забойства арцыбіскупа Рамэра была яго актыўная дзейнасць на карысць бедных, якая выклікала нянавісць у рэакцыйных колах у краіне. Беатыфікавацыю мучаніка ў 2015 г. здзейсніў папа Францішак. Аб яго магчымай кананізацыі ў будучым годзе некалькі дзён таму казаў старшыня Папскай акадэміі “Pro Vita” арцыбіскуп Вінчэнца Палья, пастулятар кананізацыйнага працэсу сальвадорскага іерарха.








All the contents on this site are copyrighted ©.