2017-08-16 12:31:00

Прэфект па камунікацыі пра ход рэформы ватыканскіх СМІ


Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы прымае ўдзел у арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Бразіліі сустрэчы, прысвечанай новым выклікам у сферы касцёльнай камунікацыі. Кс. Дарыё Вігано выступіць на ёй з дакладам на тэму “Камунікацыя Касцёла ў перспектыве папы Францішка”. 

Форум праходзіць 16-20 жніўня 2017 г. у штаце Санта-Катарына, на поўдні краіны. У ім прымаюць удзел каталіцкія медыя-эксперты і журналісты з усёй Бразіліі. “Разам з імі мы паразважаем пра тое, як зноў навучыцца камунікаваць праз сведчанне, менавіта згодна з парадыгмай папы Францішка”, - падкрэсліў ватыканскі прэфект.

Кс. Вігано распавядзе на форуме пра асаблівыя рысы камунікацыі папы Францішка, а таксама пра ход рэформы ватыканскіх СМІ, якая знаходзіцца “амаль на палове свайго шляху”: рэформы, якая дапаможа стварыць новую камунікацыйную сістэму ў кантэксце лічбавай культуры.

Гаворачы пра камунікатыўныя здольнасці папы Францішка прэфект заўважыў, што крэатыўна выкарыстоўваючы жыццёвыя гісторыі, прыпавесці і метафары, Святы Айцец спрашчае адносіны з суразмоўцамі і скарачае дыстанцыі, што дапамагае дыялогу і ўстанаўленню блізкіх стасункаў. Акрамя таго, наратыўны спосаб камунікацыі Францішка не з’яўляецца самарэферэнтным, але жадае падштрухоўваць людзей, каб пазнаўшы нешта новае, сустракаючы Евангелле міласэрнасці, яны таксама здзейснялі ў сваім жыцці канкрэтныя міласэрныя жэсты.

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі станоўча ацаніў працэс рэформы ватыканскіх СМІ, чаму, паводле яго слоў, садзейнічае прысутнасць у розных сегментах камунікацыйнай сістэмы Апостальскай Сталіцы спецыялістаў высокага ўзроўню, і асабліва людзей, якія па-сапраўднаму знаходзяцца на службе Святому Айцу і Святому Пасаду.

Ён выказаў спадзяванне, што сёлета пачне дзейнічаць новы камунікацыйны партал Апостальскай Сталіцы, які аб’яднае рэдакцыі Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра. Новы партал будзе мультымедыйным і шматмоўным. Ён дазволіць лепш перадаваць вучэнне Папы, яго жэсты, інфармаваць аб працы дыкастэрый Рымскай курыі і жыцці Касцёла ва ўсім свеце, падзяліўся святар.

Па словах кс. Дарыё Вігано, у кантэксце лічбавай культуры тэхналогіі з’яўляюцца важнымі, але не самымі галоўнымі. У Касцёле падыход да камунікацыі не можа быць тэхнакратычным, але ў першую чаргу, антрапалагічным: менавіта таму сэрцы тых, хто працуе ў гэтай сферы павінны быць напоўнены бальзамам Божай ласкі і міласэрнасці, каб таксама і ў сеціве людзі маглі сустрэць частку той прыгажосці, якую Евангелле можа прынесці, падкрэсліў прэфект Сакратарыяту па камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.