2017-08-16 13:25:00

Францішак запэўніў у блізкасці насельніцтва Сьера-Леонэ


Святы Айцец з заклапочанасцю сочыць за сітуацыяй у Сьера-Леонэ. На працягу некалькіх апошніх дзён насельніцтва гэтай заходнеафрыканскай краіны пакутуе ад моцнай паводкі і апоўзня, якія былі выкліканы зацяжнымі дажджамі. На дадзены момант вядома, што ахвярамі стыхійнага бедства сталі па меншай меры 400 чалавек. Каля 600 чалавек лічацца зніклымі без веста. Даху над галавой пазбавіліся каля 2 тыс. жыхароў краіны.

У спачувальнай тэлеграме, скіраванай 16 жніўня 2017 г. за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя арцыбіскупа Фрытаўна Чарльза Эдварда Тамба, Папа выказаў свой глыбокі боль па прычыне “разбуральных наступстваў” паводкі. Ён запэўніў у сваёй малітве за загінулых і блізкасці да ўсіх, хто згубіў сваіх родных, а таксама да працаўнікоў ратавальных службаў, якія аказваюць неабходную падтрымку ахвярам бедства.

Памятаючы пра насельніцтва Сьера-Ліонэ, падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, 15 жніўня 2017 г., Пантыфік даверыў Маці Божай “трывогі і боль народаў, якія ў многіх частках свету пакутуюць ад прыродных катаклізмаў, сацыяльнай напружанасці ці канфліктаў”. “Няхай наша нябесная Маці здабудзе для ўсіх суцяшэнне і будучыню спакою і згоды”, - казаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.