2017-08-17 10:21:00

Кардынал Паралін пра візіт у Расію: мір – прыярытэтная тэма


Спрыянне міру з’яўляецца адной з галоўных мэтаў будучага візіту кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ў Маскву. У рамках падарожжа, якое пройдзе 20-24 жніўня 2017 г., кіраўнік ватыканскай дыпламатыі сустрэнецца з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, Міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым, прадстаяцелем Рускай Праваслаўнай Царквы Патрыярхам Кірылам.  

У інтэрв’ю італьянскаму штотыднёваму выданню “Famiglia Cristiana” кардынал Паралін заўважыў, што тэма спрыяння міру будзе мець важнае значэнне, паколькі яго візіт у Расію адбудзецца ў кантэксце “сур’ёзнай міжнароднай напружанасці”. 

Паводле іерарха, “гэта прыярытэтнае пытанне”, якое будзе ўздымацца не толькі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі вышэйшых грамадзянскіх уладаў, але таксама ў ходзе размоваў з кіраўніцтвам Рускай Праваслаўнай Царквы, бо “супольнасць вернікаў павінна адыграць у гэтым кантэксце важную ролю”.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што яго візіт стане таксама нагодай для таго, каб бачным чынам прадэманстраваць блізкасць Папы да мясцовай каталіцкай супольнасці, разам з яе біскупамі. У праграме прабывання кардынала Параліна ў Маскве прадугледжана сустрэча з расійскімі католікамі.  








All the contents on this site are copyrighted ©.