2017-08-17 16:05:00

Нунцый у Калумбіі: Папа інтэнсіўна рыхтуецца да візіту


Святы Айцец інтэнсіўна працуе над тэкстамі прамоваў для свайго падарожжа ў Калумбію, распавёў арцыбіскуп Этторэ Балестрэра, Апостальскі нунцый у гэтай лацінаамерыканскай краіне. Францішак працуе ад самай раніцы, рэдагуючы свае пасланні, якія жадае пераказаць калумбійцам, прыводзіць словы ватыканскага дыпламата інфармацыйнае агенцтва “KAI”.

Папу “вельмі клапоцяць такія пытанні як беднасць і карупцыя, якія з’яўляюцца праблемай для многіх краін”, ён штодзённа моліцца за Калумбію, а падчас падарожжа будзе пражываць у Апостальскай нунцыятуры ў Багаце, падзяліўся арцыбіскуп Балестрэра. 

Візіт Францішка ў Калумбію адбудзецца 6-10 верасня 2017 г. і ахопіць чатыры гарады: Багату, Вілавісэнсіа, Медэльін, і Картахену. Дэвізам пілігрымкі будуць словы: “Зробім першы крок”, якія з’яўляюцца запрашэннем да ўсіх калумбійцаў зрабіць першы крок да пабудовы міру пасля больш чым 50 гадоў грамадзянскай вайны ў якой загінулі 220 тыс. чалавек.

Для Францішка візіт у Калумбію стане пятай паездкай у Лацінскую Амерыку з пачатку пантыфікату. Ён стане трэцім Папам, які прыбудзе ў гэтую краіну – 22-25 жніўня 1968 г. тут быў Павел VI, а 1-7 ліпеня 1986 г. – св. Ян Павел ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.