2017-08-17 14:01:00

Папа прызначыў пасланніка на ўрачыстасці ў Апарэсідзе


Святы Айцец прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці з нагоды 300-годдзя адшукання цудадзенай фігуркі Панны Марыі, якая захоўваецца ў бразільскім марыйным санктурыі ў Апарэсідзе, кардынала Джавані Батыста Рэ, прэфекта Кангрэгацыі па справах Біскупаў на пенсіі і старшыню Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі на пенсіі. Святкаванні пройдуць тут 10-12 кастрычніка 2017 г.. 

Маці Божая з Апарэсіды з’яўляецца апякункай Бразіліі. Яе невялікая статуя была знойдзена ў 1717 г. трыма беднымі маракамі ў рацэ Параіба-ду-Сул. Аднойчы пасля доўгай і безвыніковай рыбнай лоўлі, яны закінулі свае сеткі ў ваду і выцягнулі адтуль разбітую на дзве часткі, і пачарнелую ад часу, фігурку Найсвяцейшай Панны. З цягам часу яна стала найбольш шанаванай бразільскімі вернікамі скульптурнай выявай Маці Божай. 

Урачыстасці ў Апарэсідзе, размешчанай у штаце Сан-Паўлу, штогадова збіраюць каля 8 млн. пілігрымаў, якія прыносяць Панне Марыі свае радасці, смуткі і цяжкасці. Францішак маліўся ў гэтым месцы ў 2013 г. падчас свайго візіту ў Бразілію з нагоды Сусветных дзён моладзі. Св. Ян Павел ІІ быў тут у 1980 г., а Бэнэдыкт XVI – у 2007 г..

Санктуарый у Апарэсідзе мае важнае значэнне для ўсяго лацінаамерыканскага рэгіёну. У 2007 г. тут быў распрацаваны выніковы дакумент 5-й Генеральнай Асамблеі Біскупаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Амаль 300-старонкавы дакумент да сённяшняга дня з’яўляецца асноватворным для душпастырства ў гэтай частцы свету. У яго падрыхтоўцы актыўны ўдзел прымаў кардынал Хорхе Марыа Берголіа, цяперашні Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.