2017-08-18 08:20:00

Святы Айцец моліцца за ахвяр тэракту ў Барселоне


Францішак з “вялікім хваляваннем” прыняў паведамленне пра тэракт у Барселоне. Ён “моліцца за ахвяр гэтага нападу і жадае выказаць сваю блізкасць усяму іспанскаму народу, асабліва параненым і сем’ям загінулых”, - паведаміў 18 жніўня 2017 г. кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк. 

Свае спачуванні Пантыфік выказаў у тэлеграме, якую скіраваў праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя арцыбіскупа Барселоны, кардынала Хуана Хасэ Амелья-і-Амелья. У ёй гаворыцца, што “даведаўшыся аб лютым тэрарыстычным нападзе, які пасеяў смерць і боль на вуліцы Рамбла ў Барселоне, папа Францішак прагне выразіць свой самы глыбокі боль па прычыне ахвяр, які згубілі жыццё ў выніку гэтага нялюдскага акту і просіць аб вечным адпачынку для іх”.

“Святы Айцец чарговы раз асуджае сляпое насілле, якое з’яўляецца цяжкой абразай Стварыцеля і моліцца да Найвышэйшага, каб дапамог нам працягваць з рашучасцю працаваць на карысць міру і згоды ў свеце”, - гаворыцца ў спачувальным пасланні.

17 жніўня 2017 г. на вуліцы Рамбла – адной з найбольш шматлюдных у Барселоне – вадзіцель фургона здзейсніў наўмысны наезд на пешаходаў, у выніку чаго 13 чалавек загінулі і каля 100 атрымалі раненні. Пазней, у прыморскім мястэчку Камбрыльс, у 100 км на поўдзень ад Барселоны, паліцыяй была прадухілена спроба другога аналагічнага нападу. Тут тэрарысты паспелі параніць шэсць чалавек.

З асуджэннем насілля выступіў таксама мясцовы епіскапат. “Перад абліччам гэтага трагічнага і мярзотнага акту Канферэнцыя Біскупаў Іспаніі жадае перш за ўсё выказаць сваю блізкасць і запэўніць у малітве за ўсіх ахвяр і іх сем’і. Хочам выразіць нашу падтрымку ўсяму грамадству, якое было атакавана гэтымі дзеяннямі, асабліва жыхарам Барселоны і сілам бяспекі”, - напісалі іерархі.








All the contents on this site are copyrighted ©.