2017-08-18 11:34:00

Спачуванні Папы пасля трагедыі на востраве Мадэйра


Святы Айцец скіраваў спачуванні ў сувязі з трагічным здарэннем на партугальскім востраве Мадэйра, дзе 15 жніўня 2017 г. вялізарнае дрэва ўпала на групу людзей, якія сабраліся каля касцёла з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У выніку загінулі 13 чалавек і каля 50 атрымалі раненні.

Францішак запэўніў у сваёй малітве і духоўнай блізкасці ўсіх, хто пацярпеў у выніку трагедыі, а таксама іх блізкіх, гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай на імя мясцовага біскупа.

Здарэнне адбылося каля касцёла на пагорках у рэгіёне Монтэ, які ўваходзіць у муніцыпалітэт Фуншал. З нагоды марыйнай урачыстасці кожны год тут збіраюцца тысячы вернікаў. 200-гадовы дуб упаў на людзей у той момант, калі яны рыхтаваліся да традыцыйнай працэсіі са свечкамі. На востраве была абвешчана двухдзённая жалоба. Выказаць сваю салідарнасць з сем’ямі ахвяраў прыбыў Прэзідэнт Партугаліі Марселу Рэбелу ды Соза.








All the contents on this site are copyrighted ©.