2017-08-19 10:44:00

Кардынал: больш чым рэфарматараў Касцёл патрабуе святых


Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў мяркуе, што сучасны Касцёл патрабуе ў першую чаргу святых, а не рэфарматараў. Аб гэтым кардынал Сара сказаў падчас візіту ў французскую дыяцэзію Люсо, з нагоды яе 700-годдзя. Дыяцэзія знаходзіцца ў рэгіёне Вандэя, на захадзе краіны. Напрыканцы XVIII ст. многія яго жыхары не падтрымалі Французскую рэвалюцыю і заплацілі за гэта коштам ўласнага жыцця. 

“Візіт у Вандэю быў маім абавязкам. Касцёл у Афрыцы вельмі ўдзячны місіянерам з гэтага месца. Многія з іх аддалі жыццё, каб даць сведчанне веры перад шматлікімі народамі”, - падкрэсліў кардынал гвінейскага паходжання падчас сустрэчы з мясцовым духавенствам і свецкімі касцёльнымі супрацоўнікамі.

Іерарх заклікаў іх працягваць даваць пераканаўчае сведчанне веры і імкнуцца да святасці. Ён нагадаў, што Касцёл мае сакрамэнтальны характар, таму Езус у ім заўсёды прысутнічае і дзейнічае, як калісьці ў Палестыне. Паводле кардынала, у сучасным кантэксце дзейнасць католікаў не павінна нагадваць працу грамадскіх арганізацый. Касцёл патрабуе не столькі рэфарматараў, колькі святых, падкрэсліў ён.

Размаўляючы з журналістамі мясцовага аддзялення радыё “RCF”, кардынал-прэфект параўнаў сучасны Касцёл з чаўном, які хістаецца на марскіх хвалях, але якому нічога не пагражае, бо ў ім прысутнічае Хрыстус. “Човен Касцёла ніколі не патоне. Ён спазнае тыя самыя цяжкасці, якія спазнаў Езус, укрыжаванне, але на трэці дзень уваскрэсне. Касцёл жыве і будзе жыць”, - сказаў ватыканскі кардынал.

Для захавання веры, на яго думку, важнае значэнне мае клопат пра літургію. “Калі знішчаецца літургія, тады знішчаецца вера (...) Па гэтай прычыне мы патрабуем па-сапраўднаму сакральнай і прыгожай літургіі, у якой чалавек будзе звернуты да Бога. Літургія, гэта момант калі чалавек стаіць тварам у тварам з Богам”, - нагадаў кардынал Сара. 








All the contents on this site are copyrighted ©.