2017-08-19 14:57:00

Нунцый у Расіі пра візіт кардынала Дзяржсакратара


Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі жадае, каб візіт кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ў гэту краіну паспрыяў дыялогу і разуменню паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой, а таксама дапамог зняццю напружанасці ў многіх частках свету. Аб гэтым арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ заявіў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё напярэдадні візіту бліжэйшага супрацоўніка Папы ў Маскву.

Паводле дыпламата, у Расіі кардынал Дзяржсакратар выразіць заклапочанасць папы Францішка трываючымі ў свеце крызісамі. Апостальская Сталіца з увагай і хваляваннем назірае за ўсімі гэтымі сітуацыямі і жадае зрабіць свой унёсак для іх вырашэння, апелюючы таксама да добрай волі, магчымасцяў і разумення важнейшых актораў на міжнарожнай арэне, заўважыў ён. 

Па словах арцыбіскупа Мільёрэ, роля Апостальскай Сталіцы, якая заўсёды трымае адчыненымі дзверы для сустрэчы і дыялогу з усімі краінамі, культурамі і рэлігіямі, заключаецца ў тым, каб заахвочваць да адкладання ў бок ідэалагічных перагародак, якія часта скажаюць рэальнасць. 

На думку ватыканскага дыпламата, візіт кардынала Дзяржсакратара ў Расію вельмі чакаецца як католікамі, так і праваслаўнымі. Гаворачы аб плёнах мінулагодняй сустрэчы папы Францішка і Патрыярха Кірыла на Кубе, ён узгадаў пра прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці да сітуацыі пераследу хрысціян на Блізкім Усходзе. Гэта тэма будзе далей абмяркоўвацца ў ходзе візіту кардынала Параліна.

“Жадаю, каб гэты візіт умацаваў узаемнае знаёмства і павагу паміж двума хрысціянскімі супольнасцям (...) Мы не маем прычын, каб баяцца адзін аднаго. Канешне, ёсць мінулае, якой абцяжарвае, але ёсць таксама тэрміновая патрэба ў сучаснасці, будучыні, якая кліча нас ісці наперад і пакінуць за спіной крыўды мінулага”, - сказаў дыпламатычны прадстаўнік Папы.

Кардынал Паралін наведае Расію з афіцыйным візітам 21-24 жніўня 2017 г.. У Маскве ён сустрэнецца з мясцовым каталіцкім епіскапатам, духавенствам і супольнасцю вернікаў, Міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым, Мітрапалітам Іларыёнам, кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, і Патрыярхам Кірылам. 23 жніўня кіраўнік ватыканскай дыпламатыі накіруецца ў Сочы, дзе адбудзецца яго сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. 








All the contents on this site are copyrighted ©.