2017-08-19 11:45:00

Святы Айцец: тэрарызму не месца ў свеце


Францішак запэўніў у малітве за ахвяр тэрарыстычных актаў, якія на працягу некалькіх апошніх дзён адбыліся ў розных частках Еўропы. “Малюся за ўсіх ахвяр нападаў апошніх дзён. Няхай сляпому насіллю тэрарызма больш не будзе месца ў свеце”, - напісаў Папа 19 жніўня 2017 г. на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Twitter”.

17 жніўня 2017 г. на вуліцы Рамбла – адной з найбольш шматлюдных у Барселоне – тэрарыст на аўтамабіле здзейсніў наўмысны наезд на пешаходаў, у выніку чаго 14 чалавек загінулі і каля 100 атрымалі раненні. Пазней, у прыморскім іспанскім гарадку Камбрыльс паліцыяй была прадухілена спроба другога аналагічнага нападу. Тут тэрарысты паспелі параніць шэсць чалавек.

18 жніўня ў гістарычным цэнтры горада Турку, у Фінляндыі, узброены нажом тэрарыст накінуўся на мінакоў, у выніку чаго 2 чалавекі загінулі і 8 былі паранены. 

Адразу пасля тэракту ў Барселоне Францішак скіраваў тэлеграму на імя пастыра мясцовай дыяцэзіі, кардынала Хуана Хасэ Амелья-і-Амелья, у якой выказаў свой боль з прычыны вялікай колькасць ахвяр. Пантыфік запэўніў у малітве за загінулых, параненых і іх блізкіх, а таксама выступіў з асуджэннем насілля, якое назваў “цяжкой абразай Стварыцеля”.








All the contents on this site are copyrighted ©.