2017-08-20 12:27:00

Папа: Езус не адварочваецца ад нас калі патрабуем дапамогі


Важна штодзённа ўмацоўваць веру праз уважлівае слуханне Божага Слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабістую малітву і канкрэтныя ўчынкі любові да бліжняга, нагадаў папа Францішак 20 жніўня 2017 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Ватыкане.  

“Сённяшняе Евангелле (Мц 15,21-28) дэманструе нам выключны прыклад веры ў сустрэчы Езуса з жанчынай з Ханаана, якая была чужынкай для юдэяў, – нагадаў Пантыфік. – Падзеі адбыліся калі Ён ішоў да гарадоў Тыр і Сідон, на паўночным захадзе Галілеі: менавіта тут жанчына папрасіла Езуса аздаравіць яе дачку, якая, кажа Евангелле, была “цяжка апантаная злым духам” (Мц 15,22). У першы момант здавалася, што Пан не слухаў яе балючага крыку, таму нават прыйшлося ўмяшацца вучням, якія заступіліся за яе. Уяўнае раўнадушша Езуса не засмуціла гэту маці, якая настойвала на сваім.

Унутраную сілу гэтай жанчыны, якая дапамагла ёй пераадоліць усе перашкоды, трэба шукаць у яе матчынай любові і даверы, што Езус можа споўніць яе просьбу. Гэта мяне прымушае задумацца пра сілу жанчын! Сваёй моцай яны здольныя здзейсняць вялікія справы. Мы ведаем шмат такіх! Можам сказаць, што гэта любоў кіруе верай, а вера, са свайго боку, становіцца ўзнагародай за любоў. Жаласная любоў да ўласнай дачкі прымусіла яе “крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда!” (Мц 15,22), а настойлівая вера ў Езуса дазволіла ёй не трапіць у роспач нават перад абліччам першага адмаўлення; і так жанчына “пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне”.

Напрыканцы, перад абліччам такой настойлівасці, Езус застаўся моцна ўражаны, амаль здзіўлены верай язычніцы. Таму згадзіўся, кажучы: “О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш”. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай” (Мц 15,28). Гэта сціплая жанчана была ўказана Езусам у якасці прыкладу непарушнай веры. Яе настойлівасць у просьбе аб умяшанні Хрыста з’яўляецца стымулам для нас, каб не апускаць рукі, не расчароўвацца, калі бываем прыгнечаныя цяжкімі жыццёвымі выпрабаваннямі. Пан не адварочваецца у іншы бок перад абліччам нашых патрэбаў, і калі часам здаецца нячулым да просьбаў аб дапамозе, то гэта, каб выпрабаваць і ўмацаваць нашу веру. Мы павінны працягваць крычаць як гэта жанчына: “Пане, дапамажы мне! Пане, дапамажы мне!”. Вось так, з настойлівасцю і адвагай. Адвага патрабна ў малітве.

Гэты евангельскі ўрывак дапамагае нам зразумець, што ўсе мы маем патрэбу ў тым, каб расці ў веры і ўмацоўваць наш давер да Езуса. Ён можа дапамагчы нам знайсці шлях, калі мы згубілі компас у нашым пілігрымаванні; калі дарога больш не здаецца прамой, але няроўнай і цярністай; калі цяжка быць вернымі ўласным абавязкам. Важна штодзённа ўмацоўваць нашу веру праз уважлівае слуханне Божага Слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабістую малітвай, як “ускліканне” да Яго – “Пане, дапамажы мне!” – і канкрэтнымі ўчынкамі любові да бліжняга.

Даверымся Святому Духу, каб Ён дапамог нам трываць у веры. Дух напаўняе адвагай сэрцы вернікаў, дае нашаму жыццё і нашаму хрысціянскаму сведчанню сілу пераканаўчасці і ўпартасці, заахвочвае нас перамагаць недавер да Бога і абыякавасць да братоў. 

Няхай Панна Марыя зробіць нас больш свядомымі нашай патрэбы ў Пану і Яго Духу, няхай выпрасіць для нас моцную веру, адважную, поўную любові, любові здольнай станавіцца мужнай малітвай да Бога”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.