2017-08-20 13:30:00

Святы Айцец: не глядзець на рэчаіснасць “з балкону”


Адным з абмежаванняў сучаснага грамадства з’яўляецца слабая памяць, адмаўленне ад таго, што было раней, як ад непатрэбнай ношы, з цяжкімі наступствамі для новых пакаленняў, напісаў папа Францішак у пасланні, якое праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна скіраваў да ўдзельнікаў 38-й Сустрэчы дзеля сяброўства паміж народамі, якая 20-26 жніўня 2017 г. праходзіць у італьянскім Рыміні. 

Па словах Святога Айца, падобнае “забыццё” мінулага можа здарацца таксама з хрысціянамі. “Мы ведаем, што любоў Хрыста не ведае межаў”, і што пачынаючы ад стварэння сусвету “сляды прысутнасці Бога на працягу гісторыі з’яўляюцца шматлікімі”. Але “Бог – гэта не ўспамін, гэта прысутнасць, якую заўсёды трэба прымаць зноў”, - напісаў ён.

Папа папярэдзіў вернікаў аб небяспецы “духоўнай хваробы Альцгеймера”, якая заключаецца ў “забыцці гісторыі нашых асабістых адносін з Богам, забыцці аб першай Любові, якая нас захапіла і зрабіла сваімі”. Калі станем “бяспамятнымі”, згубім упэўненасць ва ўсім, нас ахопіць страх і будзем лёгкай здабычай фальшывых абяцанняў, якія пакідаюць пасля сябе толькі пачуццё расчараванасці, лічыць Святы Айцец.

Вяртанне памяці, вяртанне ўласнай тоеснасці – гэта заданне, да якога Касцёл заахвочвае кожнае пакаленне. Францішак заклікаў не “палохацца цяжкасцяў, якія з’яўляюцца часткай шляху” і асабліва “не глядзець на рэчаіснасці і свет з балкону”, але жыць імі як нагодай для радаснага абвяшчэння Евангелля менавіта вярнуўшы тое “праўдзівае, прыгожае, добрае, што нашы айцы нам перадалі”.

На заканчэнне свайго паслання Святы Айцец пажадаў арганізатарам сустрэчы ў Рыміні імкнуцца быць “надзейнымі сведкамі надзеі, якая не расчаруе” і распавядаць пра яе наведвальнікам сустрэчы праз выставы, канферэнцыі, прадстаўленні, прадугледжаныя праграмай форума, але ў першую чаргу, праз ўласнае жыццё. 

Сустрэча дзеля сяброўства паміж народамі ў Рыміні традыцыйна праходзіць  напрыканцы жніўня. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі розных культур і рэлігій: палітыкі, эканамісты, філосафы і акцёры, спартсмены і іншыя вядомыя публічныя асобы. Падчас форума адбываюцца дыскусіі, паказы спектакляў і фільмаў, праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, мэта якіх заключаецца ў спрыянні сяброўству і міру паміж людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.