2017-08-20 12:11:00

Францішак: папросім Бога вызваліць свет ад насілля


Маліцца за ахвяр тэрактаў, якія на працягу некалькіх апошніх дзён адбыліся ў розных частках свету заклікаў папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 20 жніўня 2017 г. у Ватыкане.

“У нашых сэрцах мы носім боль па прычыне тэрарыстычных актаў, якія ў гэтыя апошнія дні прывялі да гібелі многіх людзей у Буркіна-Фасо, Іспаніі і Фінляндыі. Памолімся за ўсіх загінулых, параненых і іх блізкіх. Папросім Пана, Бога міласэрнасці і міру, вызваліць свет ад гэтага нялюдскага насілля”, - сказаў Папа.

На працягу мінулага тыдня здарыліся тры тэрарыстычныя акты. У ноч на 14 жніўня група ўзброеных баявікоў напала на турэцкі рэстаран “Азіз Стамбул”, у сталіцы Буркіна-Фасо Уагадугу, у выніку чаго загінулі 18 чалавек. Затым, 17 жніўня, у Барселоне, тэрарыст на аўтамабіле здзейсніў наўмысны наезд на пешаходаў, што прывяло да гібелі 14-ці і ранення каля 100 чалавек. Спроба аналагічнага тэракту была прадухілена іспанскай паліцыяй у прыморскім гарадку Камбрыльс. Яшчэ адзін тэракт адбыўся ў фінскім горадзе Турку, дзе ўзброены нажом злачынца забіў на вуліцы 2 чалавека і параніў 8.








All the contents on this site are copyrighted ©.