2017-08-22 13:36:00

Кардынал Паралін правёў важныя сустрэчы ў Маскве


Працягваецца візіт кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ў Расію. 22 жніўня 2017 г. адбылася яго сустрэча з Міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым. Падчас яе быў абмеркаваны шырокі спектр праблем.

Выказвалася задавальненне развіццём двухбаковых адносін у сферы культуры, адукацыі, аховы здароўя. Была дадзена высокая адзнака выставе з калекцыі Ватыканскіх музеяў, якая нядаўна праходзіла ў маскоўскай Траццякоўскай галерэі. У адказ, у лістападзе 2018 г., у Ватыкане адбудзецца выстава: “Духоўная спадчына рускага мастацтва: ад іканапісу да авангарду”.

Дзеля інтэнсіфікацыі кантактаў было падпісана пагадненне аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартаў. З боку Святога Пасаду свой подпіс пад дакументам паставіў Апостальскі нунцый у Расіі арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ, а з боку Расійскай Федэрацыі – намеснік Міністра замежных спраў Аляксей Мяшкоў.

У ходзе перамоваў абмяркоўваліся некаторыя пытанні, якія тычацца жыцця Каталіцкага Касцёла ў Расіі. Сярод іх: цяжкасці, якія ўзнікаюць з атрыманнем віду на жыхарства з правам на працу для рэлігійнага персаналу з-за мяжы, вяртанне некаторых храмаў, неабходных для душпастысркага клопату аб католіках у Расіі.  

Бакамі выказвалася заклапочанасць лёсам хрысціян у розных частках свету, а таксама пажаданне, каб было знойдзена мірнае, справядлівае і трывалае вырашэнне канфліктаў на Блізкім Усходзе, Паўночнай Афрыцы, Украіне, Венесуэле. Адзначалася, што Апостальская Сталіца не мае сваіх палітычных інтарэсаў, а заклікае прытрымлівацца прынцыпаў міжнароднага права для захавання міру, а таксама здаровай атмасферы ўзаемнай павагі ў міжнародных адносінах. 

У другой палове дня запланавана сустрэча кардынала Параліна з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Днём раней кіраўнік ватыканскай дыпламатыі абмеркаваў некаторыя пытанні з Мітрапалітам Іларыёнам, кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Па словах кардынала, сустрэча прайшла ў “канструктыўным духу”. Ён падкрэсліў, што “не было недахопу ў далікатных тэмах”, але і яны абмяркоўваліся “з жаданнем будаваць і пераадольваць існуючыя цяжкасці”. Сярод такіх тэмаў – пытанне грэка-каталіцкай супольнасці ва Украіне, якое застаецца “для Рускай Праваслаўнай Царквы перашкодай для развіцця адносін з Каталіцкім Касцёлам”, падзяліўся кардынал Паралін. 

Вечарам 21 жніўня кардынал Дзяржсакратар сустрэўся з расійскім епіскапатам і цэлебраваў св. Імшу ў маскоўскім катэдральным касцёле. Візіт у Расію з’яўляецца цудоўнай нагодай, каб прынесці мясцовым католікам любоў і благаслаўленне Святога Айца, адзначыў іерарх.  

“Перш за ўсё гэта магчымасць, каб сустрэцца з каталіцкай супольнасцю. Я тут, каб прынесці католікам гэтай краіны любоў, блізкасць і благаслаўленне папы Францішка. Такой з’яўляецца мэта кожнага майго візіту – сустрэцца з каталіцкай супольнасцю і прадэманстраваць ёй блізкасць Папы”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

23 жніўня кардынал Паралін накіруецца ў Сочы, дзе сустрэнецца з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. На наступны дзень ён вернецца ў Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.