2017-08-22 11:01:00

Пантыфік да вальдэнсаў: шлях да еднасці асабліва важны сёння


Шлях да поўнай еднасці асабліва важны сёння, у свеце пазначаным насіллем і страхам, падзеламі і абыякавасцю, дзе эгаізм уласнага самасцвярджэння коштам іншых робіць незаўважай простую прыгажосць гасціннасці, дзялення і любові, напісаў папа Францішак у традыцыйным пасланні да Сіноду Метадысцкіх і Вальдэнскіх Цэркваў. Форум праходзіць 21-25 жніўня 2017 г. у Торэ-Пелічэ, на поўначы Італіі. 

Вітаючы яго ўдзельнікаў, Францішак запэўніў у малітве, каб адносіны паміж двума супольнасцямі “былі не толькі фармальнымі і карэктнымі, але братэрскімі і жывымі” “Добры Пастыр жадае, каб мы крочылі разам, а Яго позірк агарняе нас усіх, Ягоных вучняў, якіх Ён прагне бачыць цалкам паяднанымі”, - дадаў Святы Айцец.

Вальдэнская супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі рэформаў у Касцёле. У 1184 г. папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. На працягу доўгага перыяду яны падвяргаліся пераследу. Сёння большасць вызнаўцаў гэтай канфесіі жыве ў альпійскіх далінах П’емонта, на тэрыторыі Ламбардыі і Венецыі. Царква Вальдэнсаў з’яўляецца другой па ліку пратэстанцкай супольнасцю ў Італіі з 30 тыс. вернікаў.

Папа Францішак стаў першым Пантыфікам у гісторыі, які пераступіў парог храму вальдэнсаў. Гэта адбылося 22 чэрвеня 2015 г. падчас яго візіту ў Турын. Тады Святы Айцец прасіў прабачэння ў вернікаў гэтай канфесіі за пераслед, які меў месца ў мінулым. “З боку Каталіцкага Касцёла я прашу вас аб прабачэнні за адносіны і паводзіны нехрысціянскія, і нават нялюдскія, якія мы мелі адносна вас у гісторыі. У імя Пана Езуса Хрыста, прабачце нас!”, - казаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.