2017-08-23 11:39:00

Святы Айцец: хрысціяне – людзі вясны, а не восені


Хрысціянская надзея грунтуецца на веры ў Бога, якія заўсёды стварае новае ў жыцці чалавека, гісторыі і сусвету – новае і неспадзяванае, падкрэсліў папа Францішак 23 жніўня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. “Крочыць з тварам апушчаным уніз, не ўздымаючы вачэй да далягляду – гэта не па-хрысціянску. Нібыта ўвесь наш шлях заканчваецца тут, праз некалькі метраў падарожжа; нібыта наша жыццё не мае ніякай мэты і ніякага прычалу, і мы былі змушаны да вечнага вандравання, без ніякага сэнсу для нашых высілкаў”, - сказаў ён.

Святы Айцец спаслаўся на словы Апакаліпсіса св. Яна (21,3-5), якія дэманструюць апошні гарызонт на шляху кожнага верніка: нябесны Ерузалем. Ён прадстаўляецца ў выглядзе вялізарнага намёту, у якім Бог прыме ўсіх людзей, каб канчаткова жыць з імі (Ап 21,3). Бог “вытра кожную слязу з вачэй” і “ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула” і сцвердзіць: “Вось чыню ўсё новае”, нагадаў біблійныя словы Пантыфік.

“Паспрабуйце паразважаць над гэтым урыўкам Святога Пісання не абстрактна, але пасля таго, як прачытаеце інфармацыйную зводку нашых дзён, пасля таго, як глянеце тэленавіны ці на вокладкі газет, у якіх шмат трагедый, у якіх перадаюцца сумныя весткі, да якіх мы ўсе рызыкуем прызвычаіцца. Я вітаў некаторых людзей з Барселоны: колькі сумных навін там! Я прывітаў некаторых людзей з Конга: колькі сумных навін там! І колькі яшчэ іншых! (...) Паспрабуйце падумаць пра абліччы спалоханых вайной дзяцей, плач маці, разбітыя мары шматлікай моладзі, бежанцаў, якія здзейсняюць жудасныя падарожжы, якія часта падвяргаюцца эксплуатацыі. Нажаль жыццё таксама і гэта. Часам хочацца сказаць, што перш за ўсё гэта”, - з жалем заўважыў Папа.

Перад абліччам усіх гэтых сітуацыі Францішак нагадаў пра існаванне Нябеснага Айца, “які плача разам з намі”. Ёсць Нябесны Айцец, “які пралівае слёзы бясконцай літасці да сваіх дзяцей”, Які “чакае нас, каб суцішыць, бо ведае нашы пакуты і падрыхтаваў для нас іншую будучыню”. “Гэта вялікае бачанне хрысціянскай надзеі, якое пашыраецца на ўсе дні нашага жыцця і жадае нас суцешыць”, - адзначыў ён.

Па словах Святога Айца, хрысціянская вера прадугледжвае позірк поўны надзеі і перакананасць у тым, што смерць і нянавісць не з’яўляюцца апошнімі словамі ў жыцці. “Мы верым, аднак, што на гарызонце чалавека ёсць такое сонца, якое будзе ззяць заўсёды. Мы верым, што нашы самыя цудоўныя дні яшчэ перад намі. Мы больш з’яўляемся людзьмі вясны, чым восені. Я хацеў бы задаць вам зараз пытанне – няхай кожны адкажа на яго ў сваім сэрцы, у маўчанні, але няхай адкажа: ці з’яўляюся мужчынам, жанчынай, хлопцам, дзяўчынай вясны або таксама восені? Ці мая душа – гэта душа вясны або таксама восені? Няхай кожны адкажа для сябе! Мы больш заўважаем парасткі новага свету, а не жоўтае лісце на дрэвах. Мы не паддаемся настальгіі, горычы і нараканням: мы ведаем, што Бог жадае, каб мы былі спадкаемцамі абяцання і нястомнымі летуценнікамі”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік заўважыў, што “будучыня нам не належыць”, але калі станем перад Панам пасля смерці будзе цудоўна ўбачыць, што “нічога не было дарэмным – ніводная ўсмешка і ніводная сляза”. “Якім бы доўгім не было наша жыццё, нам будзе здавацца, што мы жылі толькі дунавенне, і што справа стварэння не спынілася на шостым дні Кнігі Быцця, а нястомна працягвалася, таму што Бог заўсёды клапаціўся пра нас. Аж да таго дня, калі ўсё споўніцца, раніцай, калі высахнуць слёзы, у той момант, калі сам Бог вымавіць сваё апошняе слова благаслаўлення: “Вось чыню ўсё новае”. Так, наш Нябесны Айцец – гэта Бог новага і неспадзяванага. І ў той дзень мы будзем па-сапраўднаму шчаслівымі і будзем плакаць ад радасці”, - сказаў папа Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.