2017-08-24 14:40:00

Святы Айцец: літургія – досвед, які змяняе жыццё


Літургічная рэформа з’яўляецца неадваротнай, падкрэсліў папа Францішак 24 жніўня 2017 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі 68-га Італьянскага літургічнага тыдня, які праходзіць у Рыме з нагоды 70-годдзя заснавання каталіцкай асацыяцыі “Цэнтр літургічнага дзеяння” (Centro di Azione Liturgica). Тэма форума: “Жывая літургія для жывога Касцёла”.

Праз канстытуцыю “Sacrosantum concilium” Другі Ватыканскі Сабор садзейнічаў развіццю “жывой літургіі для Касцёла”, каб “хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні”, адзначыў Папа.

Напрамак, які быў дадзены Саборам, набыў форму ў літургічных кнігах, зацверджаных бл. Паўлам VI. Практычнае ж засваенне гэтых літургічных указанняў, на думку Францішка, “яшчэ ў працэсе”, бо “недастаткова рэфармаваць літургічныя кнігі, каб аднавіць ментальнасць”: гэты працэс “патрабуе часу, слушнага успрыняцця, практычнай паслухмянасці, мудрага ўжывання ў літургіі, як з боку пасвячаных, так і іншых служыцеляў, кантараў і ўсіх, хто ўдзельнічае ў літургіі”. 

Святы Айцец падкрэсліў, што літургія – гэта не ідэя, якую трэба зразумець, ці абрад, які трэба здзейніць, але досвед, які трэба перажыць, досвед, які змяняе жыццё і думкі. Ёсць вялікая розніца, паміж тым, каб “казаць, што Бог існуе і адчуваць, што Бог нас любіць такімі якімі мы ёсць, зараз і тут”. Так абрады і малітвы становяцца “школай хрысціянскага жыцця”, лічыць Францішак.

Ён адзначыў, што па сваёй прыродзе літургія з’яўляецца “народнай”, а не клерыкальнай, паколькі гаворка ідзе не толькі пра дзеянне для народу, але і пра дзеянне народу. “Як нагадваюць шматлікія літургічныя малітвы, гэта дзеянне, якое сам Бог чыніць дзеля дабра Свайго народу, але таксама і дзення народу, які слухае Бога, які адказвае праслаўляючы Яго, усклікаючы да Яго, прымаючы невычэрпную крыніцу жыцця і міласэрнасці, што выцякае з святых знакаў”, - сказаў Францішак і заклікаў падтрымліваць “практыкі і звычаі, вядомыя нам як народная пабожнасць”.

Напрыканцы свайго звароту Святы Айцец нагадаў, што багацце Касцёла, які моліцца, Каталіцкага Касцёла, не абмяжоўваецца рымскім абрадам: хоць ён і з’яўляецца найбольшым распаўсюджаным. Усе абрады – заходнія і ўсходнія – “надзяляюць голасам адзіны Касцёл, які моліцца праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, на хвалу Айца і дзеля збаўлення свету”, падкрэсліў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.