2017-08-24 17:10:00

Францішак: пакаранне не павінна быць прыладай катавання


“Асуджаныя адбываюць пакаранне, пакаранне за ўчыненую памылку. Але не будзем забываць, што пакуль пакаранне трывае, яно павінна мець гарызонт надзеі, бо інакш, застанецца закрытым у сабе і будзе толькі прыладай катавання, не будзе плённым”, - сказаў Папа ў скіраваным 24 жніўня 2017 г. відэазвароце да Цэнтру ўніверсітэцкіх студэнтаў пры Федэральным пэнітэнцыярным комплексе гораду Эзэіза, які знаходзіцца ў ваколіцах аргентынскай сталіцы, Буэнас-Айрэса. 

Францішак адзначыў, што ўважліва сочыць за дзейнасцю гэтай структуры і дзякуючы тэлефанаванням, якія здзейсняе па нядзелях, ведае пра яе шматлікія праекты. “У мяне выклікае вялікую радасць гэта месца, месца працы, культуры, прагрэсу, якое з’яўляецца знакам чалавечнасці”, - адзначыў ён. 

Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам студэнцкага цэнтра пры пэнітэнцыярнай структуры, а таксама ўсім, хто дапамагае ў рэалізацыі шматлікіх ініцыятыў на карысць моладзі, якая адбывае тут пакаранне. 

“Тое, што паміж вамі адбываецца ў турме – гэта дунавенне жыцця. І жыццё – вы ведаеце, – гэта дар, але які трэба здабываць кожны дзень. Нам яго дораць, але мы павінны здабываць яго штодзённа. Мы павінны заваёўваць яго на кожным кроку жыцця. Гэта дар, які нялёгка захаваць. Адвага патрэбна кожны дзень. Існуе шмат цяжкасцяў, мы ўсе іх маем, але будзем клапаціцца пра гэты дар і дазволім яму расці, будзем аб ім клапаціцца і дапаможам яму расквітнець”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заахвоціў маладых аргентынскіх зняволеных актыўна рыхтавацца да будучай рэінтэграцыі ў грамадства. Такім чынам іх пакаранне будзе мець перад сабой гарызонт, будзе мець надзею, якая дапамагае пераадольваць усе праблемы. 

Федэральны пэнітэнцыярны комплекс у Эзэізе з’яўляецца адным з буйнейшых у Аргентыне. Ён адносіцца да турэмных установаў строгага рэжыму і разлічаны на ўтрыманне больш чым 1,8 тыс. вязняў. Комплекс складаецца з шасці аўтаномных модуляў, у якіх прадугледжаны сектары для вучобы, спорту, працы, духоўнай, сацыяльнай і медыцынскай дапамогі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.