2017-08-25 09:10:00

Дзяржсакратар узначаліць урачыстасці ў гонар св. Аўгустына


28 жніўня 2017 г. кардынал Дзяржсакратар узначаліць ўрачыстую літургію з нагоды ўспаміну св. Аўгустына. Яна пройдзе ў паўночнаітальянскім горадзе Павія. Менавіта ў мясцовай базыліцы Сан-Пьетра-ін-Чьел-д'Ора з VIII ст. захоўваюцца рэліквіі гэтага святога. Яны былі перанесены сюды з Гіпону лангабардскім каралём Ліутпрандам. 

Эўхарыстыя, якую будзе цэлебраваць бліжэйшы супрацоўнік Папы, стане кульмінацыяй святкаванняў з нагоды ўспаміну Біскупа Гіпону. Яны пачаліся 24 жніўня 2017 г. урачыстым выстаўленнем рэліквій святога для ўшанавання вернікамі. 

У звычайны перыяды рэліквіі схаваныя ў ніжняй частцы спецыяльнага каўчэга, пабудаванага ў гатыцкім стыле і ўпрыгожанага 150 статуямі. Для яго адкрыцця патрабуюцца чатыры ключы, якія захоўваюцца ў прыёра мясцовай супольнасці аўгустыніянаў, біскупа Павіі, бургаміста і капітулы катэдры. Адкрыццё каўчэгу і выстаўленне рэліквіярыя адбываецца толькі два разы ў год: 24 красавіка, у дзень хросту св. Аўгустыта, і з нагоды яго літургічнага ўспаміну, які адзначаецца 28 жніўня.








All the contents on this site are copyrighted ©.