2017-08-26 11:30:00

Папа скіраваў пасланне з нагоды ўрачыстасцяў на Яснай Гары


“Калі Чэнстахова знаходзіцца ў сэрцы Польшчы, гэта значыць, што Польшча мае матчынае сэрца; гэта значыць, што кожнае пульсаванне жыцця злучана з Маці Божай”, - адзначыў Францішак ў відэапасланні да пілігрымаў, якія сабраліся 26 жніўня 2017 г. у польскім санктуарыі на Яснай Гары ў Чэнстахове. Нагодай для звароту паслужыў успамін Маці Божай Чэнстахоўскай, а таксама 300-годдзе каранацыі яе цудадзейнага абраза папскімі каронамі, якое адзначаецца сёлета.

“Вы прызвычаіліся давяраць ёй усё: мінулае, сучаснасць, будучыню, радасці і трывогі вашага асабістага жыцця і жыцця вашай умілаванай краіны. Гэта вельмі добра”, - сказаў Папа.

Пантыфік прызнаўся, што з задавальненнем успамінае пра свой мінулагодні візіт у Чэнстахову, падчас якога меў магчымасць стаць пад позіркам Маці, сустрэцца з Ёй вачыма і даверыць Яе сэрцу, тое, што было ў яго сэрцы і сэрцах польскіх вернікаў. “Я захоўваю жывую і ўдзячную памяць аб тых хвілінах, радасць ад таго, што я, таксама як пілігрым, прыбыў, каб пад позіркам Маці цэлебраваць 1050-годдзе Хросту Польшчы”, - падзяліўся Святы Айцец. 

Спасылаючыся на 300-годдзе каранацыі абаразу Маці Божай з Яснай Гары, Францішак заўважыў, што “гэта вялікі гонар мець у якасці Маці Каралеву, саму Каралеву анёлаў і святых, якая валадарыць у хвале ў небе”. 

“Але яшчэ больш радасці дае ўсведамленне таго, што можаце мець, у якасці Каралевы Маці, любіць як Маці Тую, якую называеце Паннай. Святы абраз, па сутнасці, паказвае, што Марыя – гэта не далёкая Каралева, якая сядзіць на троне, але Маці, якая абдымае Сына, а разам з ім усіх сваіх дзяцей. Яна сапраўдная Маці, з параненым абліччам, Маці, якая церпіць, бо па-сапраўднаму бярэ да сэрца праблемы нашага жыцця. Яна блізкая Маці, якая ніколі не губляе нас з вачэй; ласкавая Маці, якая трымае нас за руку ў штодзённым пілігрымаванні”, - сказаў Папа.

Францішак пажадаў польскім вернікам адчуць гэту блізкасць і ласкавасць Панны Марыі падчас урачыстага юбілею, які святкуюць. 

“Няхай гэта будзе спрыяльны момант, каб адчуць, што ніхто з нас не з’яўляецца сіратой, у гэтым сіратлівым свеце ніхто з нас не з’яўляецца сіратой, бо кожны мае побач з сабой Маці, недасяжную у пяшчоце Каралеву. Яна ведае нас і спадарожнічае нам у сваім тыпова матчыным стыле: лагодным, і адначасова адважным; ніколі не навязлівым, а заўсёды вытрывалым у дабры; цярплівым да зла і дзейсным у спрыянні згодзе”, - сказаў Папа.

Францішак наведваў санктуарый на Яснай Гары ў Чэнстахове 28 ліпеня 2016 г. у рамках свайго візіту ў Польшчу, які праходзіў з нагоды Сусветных дзён моладзі. Тут Папа цэлебраваў урачыстую св. Імшу, прымеркаваную да 1050-годдзя Хросту Польшчы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.