2017-08-27 12:05:00

Мітрапаліт Іларыён пра магчымую сустрэчу Папы з Кірылам


Cтаршыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён у інтэрв’ю газеце італьнскіх біскупаў “Avvenire” адзначыў, што сустрэча папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам на Кубе мінулага года, мела несумненна гістарычны характар. 

Сустрэча ў Гаване, сказаў праваслаўны іерарх, “паказала ўзровень даверу і ўзаемаразумення, якія Руская Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл дасягнулі ў апошнія гады”. Паводле мітрапаліта да гэтага, перш за ўсё, прычынілася  “ўсведамленне неабходнасці аб'яднання намаганняў католікаў і праваслаўных у абароне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў і адказ на выклікі нашага часу, такія як: ліберальная секулярызацыя, дыскрымінацыя ў адносінах да хрысціян, крызіс сямейных каштоўнасцяў, заняпад маральнасці ў асабістым і грамадскім жыцці”.

Мітрапаліт лічыць, што супрацоўніцтва паміж дзвюма канфесіямі мае асаблівае значэнне “ў абароне хрысціян ад пераследу, перад усім, на Блізкім Усходзе і ў некаторых афрыканскіх краінах, дзе хрысціянскае насельніцтва падвяргаецца сапраўднаму генацыду з боку экстрэмісцкіх сіл. “Гэтая трагічная сітуацыя была галоўнай прычынай сустрэчы ў Гаване”, - дадаў іерарх.

На пытанне аб магчымай бліжэйшай сустрэчы папы Францішка з Патрыярхам Кірылам у Маскве мітрапаліт Іларыён адказаў, што яшчэ рана казаць аб новай сустрэчы. “Сустрэча ў Гаване акрэсліла перспектывы развіцця адносін паміж дзвюма канфесіямі ў найбліжэйшай будучыні, і зараз мы павінны клапаціцца аб іх рэалізацыі, на што спатрэбіцца больш чым год часу”, - лічыць праваслаўны іерарх. 

 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.