2017-08-28 13:08:00

Пантыфік пра актуальнасць паслання св. Аўгустына


У літургічны ўспамін св. Аўгустына папа Францішак нагадаў пра важнасць нястомнага пошуку Бога. “Ты, Божа, стварыў нас для сябе і наша сэрца не будзе спакойным, пакуль не супакоіцца ў Табе”, - напісаў ён 28 жніўня 2017 г. праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Гэтыя словы з’яўляюцца цытатай з твору св. Аўгустына “Споведзь”, які быў напісаны каля 397-398 гг. і ўключае ў сябе аўтабіяграфічныя сачыненні пра яго жыццё і навяртанне да хрысціянства.

Паводле Папы, няўрымслівасць, якая характарызуе св. Аўгустына, можа многаму навучыць і сучасных вернікаў. Аб гэтым ён казаў 28 жніўня 2013 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі капітула Ордэна аўгустыніянаў. “Я б хацеў звярнуцца да тых, хто адчувае сябе абыякавым да Бога, веры, хто знаходзіцца далёка ад Бога і пакінуў Яго. Таксама да нас, з нашымі “аддаленасцямі” і нашымі “адкіданнямі” Бога, магчыма, маленькімі, але шматлікімі ў штодзённым жыцці: паглядзі ў глыбіню твайго сэрца, паглядзі ўнутр сябе і задай пытанне: ці маеш ты сэрца, якое хоча нечага вялікага, ці сэрца, усыплёнае рэчамі?”, - казаў тады Францішак.

Па словах Пантыфіка, неспакой, які святы Аўгустын насіў у сэрцы, прывёў яго да сустрэчы з Богам, а не да закрытасці ў самім сабе. “Нават у адкрыцці і сустрэчы з Богам Аўгустын не спыніўся, не прылёг, не закрыўся ў самім сябе, як той, хто ўжо дасягнуў мэты, але працягваў шлях. Няўрымслівасць у пошуку праўды, пошуку Бога, стала няўрымслівым жаданнем ведаць Яго больш і выходзіць па-за сябе, каб пазнаёміць з Ім іншых. І менавіта гэта неўтаймоўнасць любові”, - адзначаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.